Сёння, 28 траўня, Ціханоўская правяла сустрэчу з новым прэм’ер-міністрам Нідэрландаў Робам Йетэнам у Гаазе.
Што бакі абмеркавалі падчас сустрэчы?
– падтрымка Украіны і Беларусі ў кантэксце агульнай еўрапейскай бяспекі;
– дапамога беларускім незалежным медыя, каб людзі ўнутры краіны мелі доступ да праўдзівай інфармацыі;
– падтрымка грамадзянскай супольнасці і праваабарончых арганізацый праз нідэрландскія праграмы, у тым ліку — Matra;
– магчымае далучэнне Нідэрландаў да Міжнароднага гуманітарнага фонду для дапамогі беларускім палітвязням, былым палітзняволеным і іх сем’ям;
– міжнародная адказнасць рэжыму Лукашэнкі;
– паслядоўнасць палітыкі Еўрапейскага Саюза адносна Беларусі і неабходнасць захоўваць Беларусь у фокусе міжнароднага парадку дня.
Святлана Ціханоўская таксама заклікала прэм’ер-міністра Нідэрландаў быць моцным голасам свабоднай Беларусі ў Еўрасаюзе — у тым ліку падчас пасяджэнняў Еўрапейскай Рады і іншых міжнародных сустрэчаў.
Раней такую практыку падтрымліваў Марк Рутэ. Роб Йетэн пазітыўна ўспрыняў гэтую ідэю.
Ціханоўская таксама адзначыла ролю і падзякавала Амбасадзе Нідэрландаў у Варшаве ў супольных мерапрыемствах і ініцыятывах з грамадскімі ініцыятывамі і арганізацыямі.
Асобна абмеркавалі ролю Нідэрландаў як краіны, якая можа дапамагаць узмацняць сувязь паміж краінамі Балтыі, Польшчай, Паўночнай Еўропай і Заходняй Еўропай у пытаннях Беларусі.
Напрыканцы сустрэчы прэм’ер-міністр пацвердзіў: пасля змены ўрада пазіцыя Нідэрландаў адносна Беларусі застаецца паслядоўнай.
Святлана Ціханоўская:
«Для нас вельмі важна, што Нідэрланды захоўваюць прынцыповую і паслядоўную пазіцыю па Беларусі. Менавіта выразная стратэгія дае канкрэтныя вынікі. Падтрымка беларусаў — гэта ўклад у бяспеку ўсёй Еўропы. І мы ўдзячныя за гэта».
