Беларуская лідарка ўпершыню наведала Балгарыю з працоўным візітам. Увечары панядзелка Святлана Ціханоўская далучылася да эфіру ў студыі Балгарскага нацыянальнага радыё, дзе падзялілася бачаннем ролі жанчын у сучаснай палітыцы, а таксама адзначыла, што будучыня Беларусі звязаная з дэмакратычнымі сіламі, а не з рэжымам.
Прыводзім самыя яркія цытаты з размовы.
📌 «Я пераканалася, што жанчыны ў палітыцы больш эфектыўныя ў «бегу на доўгія дыстанцыі». Калі мы зразумелі, што ў Беларусі будзе не спрынт, а марафон, жанчыны мабілізаваліся і занялі ключавыя пазіцыі ў арганізацыях і СМІ. Мы паказалі, што жанчыны больш чуллівыя да чалавечых перажыванняў».
📌 «Жанчыны не кіруюцца прынцыпамі «рэальнай палітыкі». Для нас характэрны клопат пра будучыню нашых дзяцей і мірнае вырашэнне праблемаў. Мужчыны кідаюцца ў бой, а нас часам крытыкуюць за нерашучасць і кажуць: «Хопіць шарыкаў і кветак, час брацца за зброю». Але я лічу, што калі дэмакратычныя змены дасягаюцца мірным шляхам, то яны больш даўгавечныя».
📌 «Вельмі важна, каб Балгарыя, як краіна з голасам у Еўрасаюзе, разумела, што будучыня Беларусі звязаная з дэмакратычнымі сіламі, а Лукашэнка – гэта шлях у нікуды. Нам патрэбны ваш голас. Я ўпэўненая, што балгарскі ўрад разумее, што дэмакратычная Беларусь адказвае інтарэсам не толькі беларусаў, але і ўсёй Еўропы».