• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: «Я з аптымізмам гляджу на будучыню Беларусі»

    20 сакавіка, 2024

    Святлана Ціханоўская выступіла на афіцыйным адкрыцці 11-й чарговай сесіі Парламенцкай асамблеі EURONEST у Бруселі:

    «Паважаныя сустаршыні,

    Еўрапейскія парламентарыі,

    калегі з Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі, Азербайджана,

    Дарагія сябры,

    Для мяне вялікі гонар выступаць сёння перад Парламенцкай асамблеяй EURONEST.

    Я хачу выказаць асаблівую падзяку сустаршыням Андрусу Кубілюсу і Івану Крулько за тое, што вы так шмат зрабілі, каб мабілізаваць падтрымку для свабоднай Беларусі і перамогі Украіны.

    І я радая бачыць у гэтай залі шмат беларусаў. Сапраўдных прадстаўнікоў нашага народа, які змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў нашай краіне.

    Нягледзячы на рэпрэсіі, нягледзячы на спробы рэжыму Лукашэнкі падзяліць і аслабіць нас, беларускія дэмакратычныя сілы застаюцца адзінымі. Мы сфарміравалі альтэрнатыўныя інстытуты ўлады, якія працуюць на дэмакратычных прынцыпах.

    Так, можа, у нас розныя палітычныя погляды і ідэалогіі, а прадстаўляем мы розныя палітычныя партыі, але мэта ў нас адна – вярнуць Беларусь у еўрапейскую сям’ю, дзе і ёсць гістарычнае месца Беларусі.

    У жніўні мінулага гады ўсе палітычныя партыі і структуры Беларусі адзіна прынялі гістарычнае рашэнне, што нашая мэта – еўрапейская інтэграцыя.

    Толькі ў Еўрапейскім саюзе Беларусь зможа стаць па-сапраўднаму незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай краінай і рэалізаваць свой сапраўдны патэнцыял.

    Толькі ў Еўрапейскім саюзе Беларусь зможа абараніць сябе ад галоўнай пагрозы свайму існаванню – Расійскай імперыі.

    У мяне няма сумневаў, што Лукашэнка і Пуцін пацерпяць паразу. Як паказвае гісторыя, перамены, калі адбываюцца, адбываюцца хутка, калі іх ніхто не чакае. І нашая мэта – быць гатовымі да іх.

    І мы рыхтуемся. Мы ўжо распрацавалі новую Канстытуцыю і комплекс эканамічных, палітычных і судовых рэформаў, якія адпавядаюць самым высокім еўрапейскім стандартам.

    Нашая мэта – выцягнуць нашую краіну з ценю Расіі і зрабіць так, каб тыранія ніколі не вярнулася ў Беларусь.

    І ведаеце што? Я аптымістычна гляджу на будучыню Беларусі. Бо я бачу адвагу беларусаў, якія працягваюць змагацца, нягледзячы на тэрор сталінскага маштабу. Бо я бачу адзінства дэмакратычнага свету. Таму што я бачу трываласць украінскага народа.

    Украінцы ўжо два гады абараняюць усю Еўропу і плацяць за гэта самую высокую цану. І я ганаруся тым, што нямала беларусаў ваюе за Украіну і прымае ўдзел у самых жорсткіх баях.

    Можа, мы і не можам паставіць Украіне ні снарады, ні грошы, але беларусы за перамогу Украіны аддаюць самае дарагое – свае жыцці.

    Бо мы, беларусы, разумеем: гэта не нечая вайна. Гэта нашая агульная вайна за свабоду. І перамога Украіны будзе і нашай перамогай.

    Таму мы павінныя забяспечыць Украіну ўсім, што ёй патрэбна для перамогі ў гэтай вайне. І мы павінныя працягваць расхістваць рэжым Лукашэнкі: ён значна больш крохкі, чым падаецца. Дэмакратычныя перамены ў Беларусі стануць вялікай падмогай для перамогі Украіны, а таксама нанясуць моцны ўдар па Пуціну.

    Але Беларусь і Украіна – не адзіныя мэты рэжыму Лукашэнкі і Пуціна. І тут дазвольце мне звярнуцца да дэлегацыі Малдовы. Нягледзячы на рызыкі і пагрозы, якія зыходзяць ад Расіі, вы працягваеце рухацца ў напрамку еўрапейскай інтэграцыі.

    Я захапляюся прагрэсам, якога дабілася Малдова пад кіраўніцтвам прэзідэнта Маі Санду. Беларусы думаюць: калі Малдова змагла, то чаму не можам мы? Ваш досвед натхняе нас, беларусаў, і даказвае, што ўсё магчыма.

    Мяне глыбока крануў мой візіт у парламент Малдовы летась у кастрычніку. Нашае супрацоўніцтва, асабліва са спікерам Ігарам Гросу, носіць не толькі сімвалічны, але і практычны характар. Неўзабаве мы плануем правесці канферэнцыю па бяспецы, каб прадэманстраваць нашую агульную прыхільнасць да міру і стабільнасці.

    Я таксама хачу звярнуцца да нашых сяброў з Грузіі і Арменіі. Вашыя крокі на шляху да еўрапейскай будучыні ўражваюць. Я веру, што ў вас усё атрымаецца. У нас усё атрымаецца.

    Я апладзірую прэм’ер-міністру Пашыняну за тое, што ён адмовіўся ехаць да Лукашэнкі. Беларусы бачаць гэта і шануюць вашу рашучасць.

    Нашае пасланне парламентарыям Азербайджана простае: шлях Лукашэнкі – гэта тупік. Надышоў час пераменаў. Давайце пачнем з адкрытых дыскусіяў і абмену меркаваннямі. Надышоў час пачаць размаўляць і закладваць падмурак для будучага супрацоўніцтва.

    Я хачу скарыстацца магчымасцю і запрасіць нашых армянскіх, грузінскіх, малдаўскіх і ўкраінскіх сяброў да больш шчыльнага супрацоўніцтва. Можа, у нас і розныя сітуацыі, але ў нас адныя і тыя ж каштоўнасці і адно бачанне будучыні нашых краінаў – еўрапейскай будучыні.

    Мы можам багата зрабіць і на парламенцкім узроўні, у рамках EURONEST і за яго межамі.

    Я заклікаю вас стварыць ці далучыцца да парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» у вашых парламентах. Такія гурты ўжо існуюць у 24 краінах, у тым ліку і тут, у Еўрапарламенце.

    Я заклікаю ўсе прысутныя тут дэлегацыі паглядзець на дэмакратычную Беларусь як на партнёра, сябра і саюзніка. І я таксама прашу вас падтрымаць нашую барацьбу.

    25 сакавіка мы адзначаем Дзень Волі і Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Я заклікаю вас у гэты дзень зрабіць заявы, праявіць салідарнасць і паказаць яе ў дзеянні.

    У прыватнасці, хачу папрасіць вас звярнуць увагу на сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі. Многія знаходзяцца без сувязі са знешнім светам. Сярод іх і мой муж Сяргей, і я нават не ведаю, ці жывы ён. Палітычныя зняволеныя – наш боль. Людзі паміраюць у літаральным сэнсе слова. І мы не можам дазволіць сабе, каб яны працягвалі паміраць.

    Больш за 400 парламентарыяў з усяго свету ўжо ўзялі на сябе сімвалічнае апякунства над палітвязнямі, і я запрашаю кожнага з вас далучыцца да гэтай кампаніі. На вашых сталах ёсць улёткі з дадатковай інфармацыяй.

    Дарагія сябры,

    Цяпер шмат размоваў аб абароне і яе стратэгіі. І гэта сапраўды важна. Але нельга ўвесь час бараніцца. Нам трэба пераходзіць да палітычнага наступу.

    Надышоў час паказаць, што Еўрапейскі саюз гатовы да пашырэння і адважных крокаў у стаўленні сваіх суседзяў. Мы жывем у няпросты час, і простых рашэнняў зараз недастаткова.

    У цяперашняй сітуацыі надышоў час пераасэнсаваць праграму «Усходняга партнёрства». Відавочна, што не можа быць адзінага падыходу да Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Азербайджана і Арменіі. Кожная краіна патрабуе асобнай стратэгіі.

    Для нас, беларусаў, пакуль нашая краіна захопленая дыктатарскім рэжымам, «Усходняе партнёрства» з’яўляецца ключавым інструментам супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Але з фармальных прычынаў мы, як дэмакратычныя сілы, не можам прымаць удзелу ў працы ва ўсіх фарматах Усходняга Партнёрства.

    І мая сённяшняя прапанова палягае на тым, каб змяніць падыход да Беларусі і афіцыйна аформіць удзел беларускіх дэмакратычных сілаў у гэтай праграме.

    Гэта быў бы не толькі жэст салідарнасці, але і дэманстрацыя таго, што Еўрапейскі саюз выразна падзяляе беларускі народ і рэжым. Як я ўжо казала, зараз няпростыя часы.

    Дарагія сябры,

    Дазвольце мне завяршыць мой выступ і падзякаваць вам за вашую ўвагу, вашую салідарнасць і вашую прыхільнасць справе свабоды і дэмакратыі.

    Так, шлях да свабоды можа быць доўгім і цяжкім, але давайце пройдзем гэты шлях разам.

    Жыве Беларусь. Жыве Еўропа. Дзякуй».

    Апошнія навіны