Беларуская лідарка правяла перамовы з новым амбасадарам Італіі ў Вільні Эмануэлем дэ Майгрэт. У яго мандат таксама ўваходзіць супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Святлана Ціханоўская падзякавала Італіі за падтрымку ініцыятываў грамадзянскай супольнасці, выдачу візаў беларусам (Італія сярод лідараў па колькасці выдадзеных візаў), а таксама падтрымку стратэгіі ціску на рэжым з мэтай вызвалення палітвязняў і спынення падтрымкі вайны.
Падчас сустрэчы абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі, пытанні спрашчэння легалізацыі і мабільнасці беларусаў за мяжой, у тым ліку закрыццё памежных пераходаў. Ціханоўская адзначыла, што важна раздзяляць рэжым і беларусаў, і не спыняць пасажырскі рух з Беларуссю.
Таксама абмеркавалі правядзенне міжпарламенцкай Канферэнцыі па Беларусі ў Рыме напрыканцы гэтага году, і ўдзел Святланы Ціханоўскай у саміце Вялікай сямёркі ў Капры у красавіку.
Напрыканцы сустрэчы абмеркавалі магчымасць правядзення супольных мерапрыемстваў у Вільні. Лідарка запрасіла амбасадара далучыцца да міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю, які прызначаны на 25 сакавіка.