Беларуская лідарка дала інтэрв’ю польскаму тэлеканалу TVP World, у якім распавяла, што агульнага ў сучаснай Беларусі і БССР сталінскай эпохі і падкрэсліла неабходнасць ўсебаковай міжнароднай падтрымкі і рашучасці дэмакратычнага свету.
Прыводзім ключавыя цытаты з інтэрв’ю:
📌 «Беларусы зараз жывуць у атмасферы тыраніі і тэрору. Гэта як у сталінскія часы – вас могуць затрымаць у кожны момант. Ніводны чалавек у Беларусі не можа быць упэўнены, што не апынецца ў турме да канца дня. Людзі, якія выступаюць супраць дыктатуры ці выказваюцца супраць вайны ва Украіне таксама сталі ворагамі рэжыму».
📌 «Мы не ведаем дакладнай колькасці палітвязняў, таму што людзі, якім прад’яўленыя абвінавачванні па палітычных матывах, не хочуць, каб іх прызнавалі палітвязнямі, таму што стаўленне да іх значна, значна горшае».
📌 «Пуцін успрымае Беларусь як яшчэ адзін рэгіён Расеі – сваю ўласнасць, а не асобную дзяржаву. Ён хоча сцерці ўсё беларускае з нашай краіны. І Лукашэнку гэтаму спрыяе».
📌 «Беларускі народ чакае ад дэмакратычнага свету большай рашучасці. Дыктатары бачаць нерашучасць дэмакратычнага свету як слабасць».
📌 «Ніводная вайна, ніводнае змаганне не можа быць выйграна ў адзіночку. Нам патрэбна дапамога, падтрымка, салідарнасць дэмакратычнага свету, таму што мы змагаемся не толькі з нашым дыктатарам – мы змагаемся супраць дыктатуры як з’явы».
📌 «30 гадоў беларускі народ пераконвалі, што НАТО – наш вораг, што Еўрапейскі Звяз – гэта «гнілы Захад» і ён хоча нас захапіць. Зараз нам даводзіцца тлумачыць людзям, што такое сапраўдная дэмакратыя, як яна працуе, і што Беларусь – частка еўрапейскай сям’і».