Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на 3-м Беларускім бізнес-форуме ў Вільні:
«Паважаныя арганізатары і ўдзельнікі Беларускага бізнес-форуму ў Вільні,
Дарагія сябры!
Ужо трэці раз вы збіраецеся абмеркаваць праблемы і перспектывы беларускага бізнесу пасля рэлакацыі ў Літву і краіны Балтыі. Як кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета, я ад усяго сэрца вітаю вашыя намаганні.
Я радая, што гэты форум праходзіць у Літве, якая пасля 2020 года ласкава прыняла тысячы беларусаў, у тым ліку і мяне. Літва таксама прыняла сотні прыватных бізнесаў з Беларусі. Яны ўносяць істотны ўклад у літоўскую эканоміку, ствараючы новыя працоўныя месцы і выплачваючы падаткі. І я спадзяюся, што Літва і надалей будзе прымаць і падтрымліваць сумленны беларускі бізнес.
Дарагія сябры,
Эканоміка – гэта аснова любога грамадства. А прыватны бізнес – гэта душа квітнеючай эканомікі. Без прыватнага бізнесу не будзе ні ініцыятывы, ні новых ідэяў, ні імкнення да новых дасягненняў і інавацыяў. Адным словам, не будзе росту ўсеагульнага дабрабыту.
Проста паглядзіце на цяперашні стан беларускай эканомікі з яе так званым «праўладным» бізнесам. Відавочна, што такая мадэль нежыццяздольная.
Новай Беларусі патрэбная жыццяздольная эканоміка. І менавіта вы сёння закладваеце яе падмурак.
Я радая бачыць той прагрэс, якога дасягнула Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой. За апошнія два гады Асацыяцыя стала голасам сумленнага беларускага бізнесу за мяжой. Асацыяцыя з’яўляецца адзінай нацыянальна-арыентаванай беларускай бізнес-арганізацыяй у свеце. У яе ўжо ўвайшлі больш за сто чальцоў з дзясятка краінаў. Улічваючы вашыя высокія этычныя стандарты, гэта сапраўды ўражвае.
Кажуць, што грошы «не пахнуць», але гэта не так. У стагоддзе лічбавых тэхналогіяў праверыць паходжанне сродкаў стала прасцей, чым раней. І этычныя фактары ў бізнесе становяцца вельмі важнымі. Этыка бізнесу асабліва важная сёння, калі два рэжымы-агрэсары вядуць вайну супраць Украіны.
Сёння ў Беларусі многія сумленныя бізнесмены за свае палітычныя погляды трапляюць пад пераслед і нават турэмнае зняволенне. І гэта непрымальна, што ў той жа час нехта вядзе бізнес з дыктатарамі ці дапамагае ім абыходзіць санкцыі.
Менавіта таму эканамічная бяспека павінна быць прыярытэтам. Я радая, што ABBA надае гэтаму пільную ўвагу.
Вельмі важна захаваць добрае імя беларускага бізнесу ва ўсім свеце. Яно павінна асацыявацца з празрыстасцю, сумленнасцю і крэатыўнасцю. Гэта менавіта тыя каштоўнасці, якія мы мусім прынесці ў Беларусь пасля палітычнай трансфармацыі.
Нягледзячы на рост эканамічнай залежнасці ад Расіі, я абсалютна перакананая, што Беларусь заўсёды будзе часткай Сусветнай эканомікі, а не расійскай. Калі ў нашай краіне адбудуцца дэмакратычныя перамены, нашымі асноўнымі гандлёвымі партнёрамі стануць краіны Еўрапейскага саюза. Мы будзем актыўна дабівацца заключэння пагадненняў аб свабодным гандлі як з ЕС, так і з ЗША. Такім чынам, мы зможам стварыць адзін з самых прывабных бізнес-кліматаў у свеце.
Нават у эміграцыі беларусы застаюцца крэатыўнымі, ініцыятыўнымі і працавітымі. Я не баюся, што беларускія прадпрымальнікі знікнуць па-за Беларуссю. Я ўпэўненая, што яны будуць дасягаць поспехаў, ствараць працоўныя месцы ў краінах, якія іх прымаюць, падтрымліваць наш дэмакратычны рух і грамадзянскую супольнасць.
На заканчэнне дазвольце падзякаваць партнёрам форуму – Еўрапейскай камісіі, Канфедэрацыі працадаўцаў Літвы, Міністэрству замежных справаў Літвы, камандзе Віленскага бізнес-форуму «Ініцыятыва трох мораў» і Праграме развіцця камерцыйнага права Міністэрства гандлю ЗША – за тую ўвагу, якую яны надаюць развіццю беларускага бізнесу ў рэлакацыі.
Спадзяюся, што гэты форум прынясе адчувальныя вынікі як для нашай бізнес-супольнасці, так і – у будучыні – для ўсяго нашага беларускага народа.
Поспехаў вам. Давайце разам пабудуем новую Беларусь і вернем яе ў еўрапейскую сям’ю, дзе і ёсць яе гістарычнае месца».