Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у «Campus Polska» – штогадовым мерапрыемстве, дзе ўдзельнікі абмяркоўваюць актуальныя пытанні, звязаныя з палітыкай, бяспекай, культурай, адукацыяй і грамадзянскай супольнасцю. Да размоваў у «Campus Polska» далучаюцца вядомыя дзеячы: напрыклад, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск ці старшыня Еўрапарламента Раберта Мецола.
Беларуская лідарка адказала на пытанні ўдзельнікаў форума:
Пра Лукашэнку
📌 «Лукашэнка мяне недаацаніў, але ён таксама недаацаніў нашае грамадства. Ён страціў сувязь з рэчаіснасцю, з людзьмі. Ён думаў, што ўсе яго любяць, але моцна памыляўся. Мы таксама, як грамадства, на жаль, недаацанілі маштаб жорсткасці рэжыму».
📌 «Лукашэнка імкнецца дыстанцыявацца ад Пуціна, але нашая задача – не ратаваць Лукашэнку ад Пуціна. Нашая задача – выратаваць Беларусь ад Лукашэнкі. Таму вельмі важна, каб Захад быў адзіным у сваёй палітыцы і не дазволіў Лукашэнку абдурыць сябе».
Пра рэвалюцыю і параўнанне з Майданам
📌 «Часта беларускую рэвалюцыю параўноўваюць з Еўрамайданам, але кантэкст быў іншым. Ва Украіне мяняліся прэзідэнты, гэта ўсё ж была дэмакратыя, і было шмат людзей па абодва бакі канфлікту. У Беларусі Лукашэнка стварыў сістэму для сябе. Да таго ж беларускае грамадства вельмі мірнае. Нам часта казалі, што мы занадта пакорлівыя. Што здымалі абутак, каб устаць на лаўку. Але цяпер тыя ж людзі змагаюцца на баку Украіны як добраахвотнікі».
Пра ціск на рэжым
📌 «Неабходна пачаць працэсы прыцягнення да адказнасці – Лукашэнка павінен быць прыцягнуты да адказнасці за злачынствы. Цяпер ён і яго асяроддзе адчуваюць сябе беспакаранымі і працягваюць злачынствы ў Беларусі».
📌 «Важна не ізаляваць беларусаў, дазволіць ім наведваць сваякоў і сяброў, вучыцца за мяжой. Дазволіць падарожнічаць. Лукашэнка кажа: ніхто не жадае бачыць вас на Захадзе. Захад не жадае вам дапамагчы. Мы хацелі б іншага – вярнуцца ў еўрапейскую сям’ю».