«Дарагія лекары!
Я ведаю, як цяжка цяпер працаваць у медыцыне. Медыкі сталі закладнікамі палітыкі. Шмат каго звольнілі, нехта вымушана эміграваў, іншыя сутыкнуліся з пераследам. Тады як рэжым замест падтрымкі толькі пагаршае сітуацыю. Толькі за красавік было звольнена больш за 5 тысячаў медыцынскіх работнікаў. Выпускнікоў медуніверсітэтаў трымаюць у закладніках у рэгіёнах не праз належны заробак ці жыллё, а абяцаннямі «прафесійнага росту». Беларускіх лекараў прымушаюць уціхую лячыць расійскіх вайскоўцаў, у той час як у нашай краіне паміраюць палітвязні, якім адмаўляюць у медычнай дапамозе. І пакуль Мінздароўя заяўляе, што кадраў хапае, у краіне паміраюць дзеці — бо побач няма тых, хто можа аказаць дапамогу.
Калі хто і дапамагае хворым, то гэта не рэжым — гэта робіце вы. Менавіта вы, беларускія лекары, — сапраўдная апора нашай медыцыны. Вы застаяцеся людзьмі нават у невыносных умовах. Вы працуеце ў старых шпіталях і паліклініках, са зношаным абсталяваннем і катастрафічным недахопам кадраў, але працягваеце лячыць, слухаць, суцяшаць.
Я натхняюся вашай стойкасцю і прафесіяналізмам. Вы заслугоўваеце павагі, годных заробкаў і чалавечых умоваў працы. Я ведаю: прыйдзе час, калі медыкі будуць не падначаленымі, а сапраўднымі аўтарытэтамі. Дзе дзяржава будзе спрыяць вашаму росту, а не перашкаджаць. Дзе праца зноў стане захапляльнай справай жыцця, а не штодзённай ахвярай. Дзе вы і вашая праца будуць шанавацца з той жа павагай, з якой вы клапоціцеся пра нашых грамадзянаў.
З прафесійным святам вас!»
Фота: Natalia Fedosenko/ITAR-TASS/