У Міжнародны жаночы дзень беларуская лідарка звярнулася да беларусак і падзялілася асабістым досведам пра тое, як барацьба за правы жанчын стала важнай часткай яе жыцця. Святлана Ціханоўская падкрэсліла: сёння жанчыны змагаюцца за роўныя магчымасці, справядлівасць і дэмакратыю:
«Яшчэ пяць гадоў таму я мала пагружалася ў тэму барацьбы за правы жанчын. Ведала дату 8 сакавіка, але гэты дзень заставаўся для мяне проста святам, калі муж даруе кветкі і робіць нешта рамантычнае.
Але з часам гэтая тэма стала важнай і для мяне. Чым больш я глядзела навокал, тым больш сутыкалася з абразамі і абясцэньваннем у дачыненні да жанчын. Шмат разоў я чула абсурдныя меркаванні «палітыка – гэта не вашае, не суньцеся туды» або «нашая Канстытуцыя не для жанчын». У той жа час я глядзела на маршы ў Беларусі і захаплялася мужнасцю і нязломнасцю Машы Калеснікавай, Ніны Багінскай, Паліны Шарэнды-Панасюк…. На гэтых прыкладах я бачыла, як складана жанчынам выказваць свае меркаванні і дамагацца таго, каб нас ўспрымалі ўсур’ёз.
За апошнія гады я сустрэлася з вялікай колькасцю цудоўных жанчын: дэпутатак, праваабаронцаў, актывістак, міністарак. Мы шмат разоў абмяркоўвалі бар’еры, якія вымушаны пераадольваць жанчыны ў палітыцы, складанасці і стэрэатыпы, з якімі сутыкаемся. Праз гэта праходзілі ўсе: ад Святланы Алексіевіч да Раберты Метсолы, ад Каці Сныцінай да Каі Калас, ад Наталлі Пінчук да Урсулы фон дэр Ляен. Кожная гісторыя паказвае: салідарнасць і ўзаемападтрымка жанчын мацней любых стэрэатыпаў. Цяпер я бачу, як важна гаварыць пра нашыя правы і патрэбы.
У часы, калі жанчыны ладзяць антываенны супраціў, узначальваюць палітычныя і грамадскія рухі, вядуць за сабой народы, час забыць выраз «слабы пол». Мы не ахвяры рэпрэсіяў і прыгнёту. Мы таксама змагаемся за роўныя магчымасці, справядлівасць і дэмакратыю. Сёння мы ўслаўляем жаночую стойкасць, рашучасць і самаадданасць, нагадваючы свету пра нашыя выдатныя дасягненні. Дарагія беларускі, вы – мая апора і нагода для гонару. Менавіта вы з’яўляецеся прыкладам моцы дабрыні і нястомным рухавіком пераменаў».