Святлана Ціханоўская завяршыла візіт ва Украіну. За гэтыя дні яна:
– сустрэлася з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім;
– правяла двухбаковую сустрэчу з міністрам замежных справаў Украіны Андрэем Сібігам і дэлегацыяй МЗС Украіны і выступіла на супольнай прэс-канферэнцыі;
– узяла ўдзел у адкрыцці Міжнароднага саміту гарадоў і рэгіёнаў у Кіеве;
– сустрэлася з кіраўніцтвам Координаційного штабу з питань поводження з військовополоненими;
– выступіла з лекцыяй у Кіеўскай школе эканомікі;
– наведала Чарнобыльскую АЭС і Прыпяць;
– ушанавала памяць загінулых беларусаў і важных для беларуска-ўкраінскай гісторыі асобаў: наведала месцы памяці на Майдане, магілу беларускай добраахвотніцы Марыі Зайцавай і героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызнеўскага, помнікі журналісту Паўлу Шарамету і пісьменніку Уладзіміру Караткевічу, а таксама разам з Андрэем Сібігам усклала кветкі каля Сцяны памяці загінулых герояў у Кіеве.
Падчас візіту Ціханоўская абмеркавала з урадам падтрымку Украіны беларускім народам, праблемы беларусаў ва Украіне, дапамогу беларускім добраахвотнікам, адказнасць рэжыму Лукашэнкі за саўдзел у расійскай агрэсіі, санкцыйны ціск і далейшае супрацоўніцтва паміж Украінай і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Сярод вынікаў — прызначэнне амбасадара па асаблівых даручэннях Яраслава Чарнагора, запуск каардынацыйнай групы па пытаннях беларусаў ва Украіне, далучэнне дэмакратычных сілаў да міжнароднай кааліцыі за вяртанне ўкраінскіх дзяцей, а таксама дамоўленасці па культурнай, адукацыйнай, інфармацыйнай і дыпламатычнай супрацы.
