ШЛЯХ ПАВІННЫ БЫЦЬ ІНШЫМ!
Сёння, 26 красавіка 2024 года, у 38-ю гадавіну чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы, калі:
– наступствы гэтай радыяцыйнай аварыі працягваюць уяўляць небяспеку і ўзмацняюцца ў выніку расійскай агрэсіі супраць Украіны;
– каля мільёна чалавек пражываюць на забруджаных тэрыторыях толькі ў Беларусі, дзе ўрад свядома прымяншае небяспеку радыяцыйнага ўздзеяння і ўводзіць закранутыя тэрыторыя ў сельскагаспадарчы абарот;
– урокі Чарнобыля забытыя: атамная энергетыка ўсё часцей называецца “зялёнай” і прапаноўваецца як сродак па барацьбе з глабальнай зменай клімату, і ўсё часцей гучаць заклікі будаваць болей новых АЭС і працягваць тэрміны эксплуатацыі небяспечных старых. У той час як выкіды парніковых газаў поўнага цыклу атамнай энергетыкі далёкія ад нулявых, а тэхнагенныя радыенукліды, якія напрацоўваюцца і выкідваюцца ёю, высокатаксічныя на працягу соцень тысяч гадоў; праблема радыеактыўных адходаў не вырашаная, яны працягваюць забруджваць навакольнае асяроддзе з-за небяспечнага захоўвання і ўцечак;
– карэнныя народы ва ўсім свеце пакутуюць ад наступстваў таксічнай здабычы ўрану і так званай перапрацоўкі адпрацавалага ядзернага паліва;
– пагроза ядзернай вайны ўзрастае з-за таго, што не спыняецца агрэсіўная рыторыка з боку Расіі, Паўночнай Карэі і нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, стрэлкі гадзінніка Суднага дня няўхільна набліжаюцца да поўначы;
– ва ўмовах канвенцыянальнай вайны аб’екты атамнай энергетыкі вепанізуюцца, робячыся зручнымі мішэнямі для агрэсара і тэрарыстаў, а таксама сродкам шантажу;
– не робіцца належных захадаў, каб знізіць уражальнасць дзейных АЭС перад абліччам ваеннай і тэрарыстычнай пагрозы; МАГАТЭ паказала сваё бяссілле ў сітуацыі з захопленай Расіяй украінскай Запарожскай АЭС;
– працяг закупак расійскага ўрану, выкарыстання расійскіх атамных тэхналогій і сэрвісаў падсілкоўвае агрэсіўную палітыку Расіі і яе ядзерны шантаж;
– нашы сябры і калегі, якія адстойвалі права грамадзян Беларусі і еўрапейскай супольнасці на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, нагадвалі пра сумныя наступствы Чарнобыля, пра рызыкі ядзернай энергетыкі і ваенную пагрозу, сёння ў Беларусі пазбаўленыя волі з палітычных матываў. Некаторыя з іх, як Рыгор Кастусёў, асуджаны на 10 гадоў калоніі строгага рэжыму, маюць патрэбу ў медычнай дапамозе і павінны быць неадкладна вызваленыя для выратавання іх жыцця. Лёс некаторых з іх, як старшыні Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрыя Кучука, невядомы.
Аддаючы даніну памяці і выказваючы ўдзячнасць тым, хто ахвяраваў свае жыцці і здароўе для мінімізацыі наступстваў радыяцыйнай катастрофы 1986 года і прадухілення новай катастрофы ў 2022-м у чарнобыльскай зоне і на захопленай расійскімі войскамі буйнейшай у Еўропе Запарожскай АЭС,
нагадваем, што:
– у Беларусі, як і ў іншых краінах, ёсць патэнцыял для бяспечнага, бяз’ядзернага развіцця з выкарыстаннем сучасных тэхналогій узнаўлянай устойлівай энергетыкі;
– ядзернае стрымліванне можа быць бяз’ядзерным, бо своечасовае і зладжанае прымяненне сучасных канвенцыянальных тэхналогій, сродкаў эканомікі і дыпламатыі дае магчымасць эфектыўнага адказу агрэсару.
Мы заклікаем міжнародную супольнасць і дэмакратычныя краіны даць належны адказ на ядзерныя пагрозы і выклікі калектыўнай бяспецы, а менавіта:
– адмовы ад будаўніцтва новых АЭС;
– адмовы ад працягу тэрміну эксплуатацыі АЭС, якія адслужылі;
– адмовы ад ядзернай ваеннай экспансіі;
– вырашэння праблем глабальнага стрымлівання і бяспекі канвенцыянальнымі сродкамі;
– перагляду энергетычнага і кліматычнага парадку дня краін з арыентацыяй на ўстойлівую бяз’ядзерную энергетыку, энергаэфектыўнасць, энергазберажэнне, дэцэнтралізацыю і павышэнне абароненасці аб’ектаў энергетычнага сектара;
– адмовы ад вядзення ядзернага бізнесу (гандлю ўранам, паслугамі і тэхналогіямі атамнага сектару і двайнога прызначэння) з краінамі, выкрытымі ў ядзерным шантажы і агрэсіі;
– прыняцця неадкладных захадаў для абароны атамных электрастанцый у зонах рызыкі, уключаючы як ваенныя рызыкі, так і рызыкі ад няякаснай эксплуатацыі і замоўчвання праблем недэмакратычнымі рэжымамі;
– дзеянняў для вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі і спрыяння беларускай грамадзянскай супольнасці ў найхутчэйшым аднаўленні законнасці, базавых свабод і дэмакратычнага праўлення ў сваёй краіне. У нас няма іншага выбару для цяперашняга і наступных пакаленняў, акрамя ўстойлівай бяспечнай аднаўлянай бяз’ядзернай энергетыкі!
Шлях павінны быць іншым! Путь должен быть другим! Our way must be different!
Рэзалюцыя прынятая экалагічнай арганізацыяй Экадом,
пры падтрымцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, Офіса Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі і Народнага Антыкрызіснага Упраўлення.
26 красавіка 2024 года