17 кастрычніка дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова прыняла ўдзел у пасяджэнні Joint Steering Committee праграмы SALT (Support to Advanced Learning and Training – EU4Belarus).
Праграма створаная і фінансуецца Еўрапейскай Камісіяй, адмініструецца літоўскай арганізацыяй Сеntral Prоject Management Agency (CPVA) і рэалізуецца пры ўдзеле кансорцыума беларускіх арганізацыяў. Старшынёй сустрэчы была Вірджынія Дамбраўскайце, Team Leader – Operations in Belarus and Russia, DG NEAR.
З 2021-га года было створана два розных варыянты праграмы: SALT 1 (2021-2025) і SALT 2 (2023-2025). У гэтым годзе стартуе новы этап – SALT 3, які працягнецца да 2026 года.
Праграма SALT аказвае разнастайную падтрымку беларускім студэнтам і навукоўцам, якія падвергліся рэпрэсіям, а таксама тым, каму пагражаюць пераследы з-за іх грамадска-палітычнай пазіцыі ці прафесійнай дзейнасці. Таксама прадугледжаная спецыяльная падтрымка для былых палітвязняў.
На сустрэчы абмеркавалі складанасці ў рэалізацыі праграмы і спосабы іх вырашэння. Асобную ўвагу надалі праблеме своечасовай выплаты стыпендыяў. Прадстаўнікі CPVA запэўнілі, што ўсе бюракратычныя складанасці ліквідаваныя і ў далейшым затрымак не будзе.
Адным з галоўных вынікаў сустрэчы стала замацаванне рашэння аб правядзенні вясной 2025 года новага конкурсу на атрыманне стыпендыяў для навучання на праграмах бакалаўрыяту або магістратуры ва ўніверсітэтах Літвы, Латвіі, Польшчы і Чэхіі. У Цэнтры дапамогі праграмы SALT можна задаць любыя пытанні, якія тычацца праграмы, а таксама атрымаць кансультацыю па паступленні ва ўніверсітэт і пошуку стажыровак.