У інтэрв’ю выданню Tagesspiegel беларуская лідарка падзялілася бачаннем таго, чаму Беларусь не наблізілася да Еўропы пасля распаду СССР, як варта прапрацоўваць мінулыя памылкі, а таксама пра неабходнасць захавання энергіі для пераменаў.
Чаму Беларусь не стала еўрапейскай краінай пасля распаду СССР?
«У Беларусі былі шанцы стаць дэмакратычнай, свабоднай краінай. Былі рэсурсы і магчымасці, але выбралі не таго чалавека. У паслясавецкі перыяд людзям было цяжка ў эканамічным плане – і ўладу аддалі чалавеку, які адразу распусціў парламент. Лукашэнка стварыў прэзідэнцкую рэспубліку і ператварыў яе ў дыктатуру, прычым многія гэтага не ўсведамлялі. Мы маглі б стаць часткай Еўрапейскага саюза. Цяпер нашая задача – вярнуць сабе нашую краіну».
Ці трэба працаваць з памылкамі мінулага?
«Пра памылкі трэба гаварыць, але адказнасць за тое, што здарылася з краінай, перш за ўсё нясе рэжым. Лукашэнка быў ярым папулістам: абяцаў зрабіць Беларусь цудоўнай краінай і змагацца з карупцыяй. Але пры гэтым прывязваў нашу краіну да Расіі. Тады мала хто разумеў, што Лукашэнка абсалютна прасавецкі і зусім не зацікаўлены, каб Беларусь рухалася наперад».
Пра актыўныя дзеянні ўнутры Беларусі:
«Я не заклікаю нікога ў краіне да актыўных дзеянняў, бо гэта азначала б ахвяраваць сабой дарэмна і толькі павялічыць колькасць палітзняволеных. Але гэтую энергію, гэты агонь неабходна падтрымліваць да таго моманту, калі змены стануць магчымыя. Ніхто не павінен чакаць, пакуль нехта іншы зробіць нешта для нас».
Пра надзею і перамены:
«Я не маю права страціць надзею, але толькі яна не прывядзе да зменаў – патрэбныя сіла волі і штодзённая праца. Мае дзеці растуць без бацькі, ён у турме – як і сотні бацькоў і маці. У турмах гінуць людзі. Палітычных зняволеных катуюць. Але мы не павінны страціць надзею. Перамены адбываюцца нават тады, калі ніхто іх не чакае. Мы павінны быць гатовыя да гэтых пераменаў».