Сёння ў Рыме Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі групы «За дэмакратычную Беларусь».
Лідарка падзякавала італьянскім парламентарыям за салідарнасць і надзейную падтрымку Беларусі: у міжнародных арганізацыях і ў прыёме беларускіх уцекачоў, былых палітвязняў і добраахвотнікаў, якія ваявалі за Украіну. Яна падкрэсліла, што сітуацыя ў Беларусі застаецца вельмі цяжкай: штодзённыя арышты, смерці ў турмах, рэпрэсіі супраць усіх, хто выказвае падтрымку Украіне.
Падчас сустрэчы Ціханоўская выказала шэраг практычных прапановаў італьянскім парламентарыям:
1. Рэзалюцыя ў італьянскім парламенце. Ініцыяваць парламенцкую рэзалюцыю аб сітуацыі ў Беларусі, палітвязнях і геапалітычных рызыках.
2. Падтрымка палітвязняў. Правесці ў наступным годзе маштабны з’езд «хросных бацькоў» беларускіх палітвязняў з удзелам былых зняволеных і іх сем’яў, умацаваўшы сетку міжнароднай салідарнасці.
3. Стажыроўкі для беларусаў. Адкрыць праграмы стажыровак у парламенце і офісах італьянскіх дэпутатаў, каб маладыя беларусы атрымалі прамы досвед дэмакратычнай практыкі і ўзмацнілі прафесійныя навыкі.
4. Удзел у Міжнародным парламенцкім альянсе. Падтрымліваць актыўны ўдзел у Альянсе парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» і далучыцца да наступнага форуму ў Лондане.
5. Мерапрыемствы да ключавых датаў. Выкарыстаць галоўныя беларускія падзеі для правядзення скаардынаваных інфармацыйных і падтрымкавых акцыяў.
6. Сустрэчы з беларускай дыяспарай. Арганізаваць сістэмныя сустрэчы з беларускімі супольнасцямі ў Рыме, Фларэнцыі, Балонні, Мілане і іншых гарадах, каб прадметна абмеркаваць іх праблемы і сумесныя ініцыятывы.
Святлана Ціханоўская:
«Дзякуй за гэтую прадуктыўную сустрэчу. Я вельмі радая бачыць, як беларуская тэма аб’ядноўвае ўсе групы і партыі. Вашая падтрымка і ўвага да Беларусі дапамагае нам рухацца наперад».
