Падчас візіту ў Даўгаўпілсе беларуская лідарка адкрыла выставу беларускай мастачкі Вольгі Якубоўскай «25 крокаў да Волі». Героі гэтай серыі – коцікі, якія ўвасабляюць рэальных людзей. Тых, што пакінулі яркі след у гісторыі краіны пасля падзеяў 2020 года. Імпрэзу таксама наведалі прадстаўнікі беларускай дыяспары і асацыяцыі беларусаў Латвіі «Суполка», парламентары ад рэгіёну Латгалія і ад латвійскай групы «За Дэмакратычную Беларусь».
Святлана Ціханоўская падкрэсліла: творчасць Вольгі Якубоўскай – гэта напамін пра тое, якімі беларусы ёсць насамрэч:
📌 «Вобразы, якія стварае Вольга, светлыя, як памкненне беларусаў да свабоды. Нездарма лукашэнкаўскія ўлады абвясцілі Воліных «коцікаў» экстрэмістамі. Сёння вы можаце самі пазнаёміцца з гэтымі «небяспечнымі»… Любоў, салідарнасць, вера беларусаў у сябе – гэта тое, чаго не разумее і чаго баіцца рэжым. І гэта тое, што адлюстроўваюць гэтыя карціны. Дзякуй вам, Вольга, за шчырую беларускую душу, якую вы ў іх укладаеце».
📍Наведаць выставу можна да канца ліпеня ў прасторы «New East» (ul.18. Novembra, 41a). Выстава арганізаваная асацыяцыяй беларусаў у Латвіі «Суполка» і культурніцкай прасторай «New East» пры падтрымцы Дацкага інстытута культуры ў Эстоніі, Латвіі і Літве.