Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай падчас форуму «Беларусы годныя лепшага» ў Варшаве. Лідарка дэмакратычных сілаў заклікала да згуртаванасці, адзначыла важнасць унутранай барацьбы і выказала падзяку беларусам за самааддачу і падтрымку.
Асноўныя тэзы прамовы:
📌 Неабходнасць трымаць Беларусь у парадку дня
«У свеце адбываецца шмат падзеяў, і як бы нам ні хацелася, свет не можа факусавацца толькі на Беларусі. Але сваімі дзеяннямі, сваёй працай, сваёй энергіяй мы павінны вяртаць сябе ў парадак дня. Каб Беларусь была цікавая іншым, яна павінна перш за ўсё цікавіць нас саміх. Нам ёсць што расказаць. Нам ёсць што паказаць. Нам ёсць чым ганарыцца».
📌 Важнасць працы, якую робяць беларусы, нягледзячы на перашкоды рэжыму
«Мы будуем дэмакратычныя структуры. Праваабаронцы дапамагаюць рэпрэсаваным і збіраюць доказы злачынстваў рэжыму. Беларусы замежжа прасоўваюць беларускую павестку і ладзяць акцыі салідарнасці. Незалежныя медыя і блогеры выкрываюць хлусню і маніпуляцыі рэжыму. Айцішнікі ствараюць інавацыйныя праекты, якія яднаюць беларусаў і ўражваюць свет. Нашыя культурныя дзеячы ўмацоўваюць нацыянальную ідэнтычнасць. А нашая моладзь усё больш зараджаецца беларускасцю».
Асобна Ціханоўская выказала словы падзякі беларусам, якія працягваюць барацьбу ўнутры краіны, а таксама адзначыла гераічнасць беларускіх добраахвотнікаў, што бароняць Украіну і Беларусь. Яна нагадала пра неабходнасць памятаць і шанаваць ахвяр, такіх як Марыя Зайцава, і ператвараць боль за палітвязняў у энергію для далейшай барацьбы.
Святлана Ціханоўская:
«Калі кепскія навіны забіраюць апошнія сілы і здаецца, што ўсё страціла сэнс, давайце не забываць: той шлях, які мы цяпер праходзім, мы праходзім упершыню. І часта не ведаеш, што спрацуе, а што не. Але трэба спрабаваць. Рабіць. Эксперыментаваць. Падтрымліваць добрыя справы. Заўважаць пазітыўнае. Хваліць і натхняць адно аднаго. Сёння добры момант для гэтага».