«Сёння «суд» вынес адразу два палітычныя прысуды – журналісту Анджэю Пачобуту і рэйкавым партызанам Юрыю Сельвічу і Сяргею Пляшкуну. 8, 14, 16 гадоў.
Анджэй Пачобут – прафесійны журналіст, які абараняе правы і праўду. 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – вось стаўленне рэжыму да журналістыкі, да праўды, як і агулам – да Польшчы і ўсіх дэмакратычных краінаў, якія маглі б стаць партнёрамі і сябрамі, а не ворагамі нашаму народу.
Нашыя рэйкавыя партызаны – сапраўдныя героі, якія паспрабавалі спыніць ваеннае злачынства. 14 і 16 гадоў турмы для Юрыя і Сяргея – вось стаўленне рэжыму да адважных людзей і да пратэсту супраць агрэсіі.
Гэтыя прысуды паказваюць, якой рэжым хоча зрабіць Беларусь: ізаляванай ад свету краінай, дзе няма закону і журналістыкі, і дзе нельга быць супраць вайны.
Маё сэрца сёння з Анджэем, Сяргеем і Юрыем. З іх сем'ямі, блізкімі і сябрамі. І з кожным з тысячаў беларусаў і беларусак, якія зараз у турме. Дарагія, рэжым помсціць вам за сілу, сумленне, асабістую свабоду. Але ў адрозненне ад вас, рэжым не мае будучыні.
Будучыня Беларусі – гэта людзі. Кожнае жыццё чалавека – гэта святая каштоўнасць. А значыць трэба выкарыстоўваць любыя магчымасці, каб ратаваць людзей з таго пекла, якое ствараюць для іх у турмах. І толькі змагаючыся за кожнага, можна прыйсці да новай Беларусі, дзе галоўная каштоўнасць – гэта не сістэма, а чалавек».