• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай на мітынгу ў Стакгольме, 2023

    11 верасня, 2023

    Дарагія сябры,

    Хачу пачаць свой выступ са слоў аднаго з нацыянальных герояў Швецыі, Рауля Валенберга. Аднойчы ён сказаў: «У мяне няма іншага выбару».
    Гэта ўсяго некалькі слоў, але яны выказваюць безумоўную прыхільнасць чалавека справе, у якую ён верыць. Валенберг сваім прыкладам паказаў, што супрацьстаяць злу можа нават адзін чалавек.

    Шведскі народ на працягу стагоддзяў выяўляў неверагодную салідарнасць з тымі, хто мае патрэбу ў дапамозе. Швецыя стала прыкладам для ўсяго свету. Ваша прыхільнасць да свабоды і справядлівасці сапраўды натхняе.

    Для Украіны і Беларусі няма іншага выбару, акрамя як працягваць нашу барацьбу. Мы змагаемся не толькі за тое, каб захаваць свой суверэнітэт і выжыць як асобныя нацыі, але і за тое, каб выратаваць усю Еўропу і каштоўнасці, якія мы шануем.

    Мы не дазволім злоснай імперыі зноў заняволіць нас. Беларусы і ўкраінцы абралі свой шлях — шлях у Еўропу. Ані танкі, ані ракеты, ані наёмнікі Вагнера не змогуць спыніць нас на гэтым цяжкім, але правільным шляху.

    Калі Беларусь і Украіна не будуць вольныя, не будзе сапраўды свабоднай і Еўропа. Яна не зможа адчуваць сябе ў бяспецы.

    Сёння Беларусь — краіна, якую я так люблю, — знаходзіцца пад кантролем злачыннага дыктатара Лукашэнкі. Ён трымае ў закладніках 9 мільёнаў людзей.

    У мяне разрываецца сэрца, калі я думаю пра палітычных вязняў у Беларусі — пра майго мужа Сяргея, пра нашага лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага і пра незлічоных маці, бацькоў, дзяцей — тых, хто за кратамі, і тых, хто чакае вяртання сваіх блізкіх.

    Іх боль — гэта наш боль. Іх барацьба — гэта наша барацьба. Мы не можам пакінуць іх у бядзе — і не пакінем.

    Рэжым рэпрэсуе людзей не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі. Праз указ, які выйшаў на мінулым тыдні, сотні тысяч беларусаў могуць пазбавіцца дакументаў — такіх як пашпарты. Гэта асабістая помста Лукашэнку беларусам, якія выступілі супраць яго.

    Я заклікаю Швецыю трымаць дзверы адкрытымі для беларусаў, якія бягуць ад тыраніі, і дапамагаць тым, хто ўжо тут жыве.

    Выступаючы перад вамі зараз, я адчуваю вашу энергію і салідарнасць. Давайце разам працаваць на карысць Еўропы, каб яна стала свабоднай, справядлівай і мірнай для кожнага і кожнай. Для нас няма іншага выбару.

    Я заклікаю Швецыю падтрымліваць Беларусь, дапамагаць нам у нашай барацьбе і даваць Украіне ўсе рэсурсы, неабходныя для яе перамогі. Разам мы зможам скончыць з тыраніяй — раз і назаўжды.

    Слава Украіне!

    Жыве Беларусь!

    Дзякуй.

    Апошнія навіны