Святлана Ціханоўская: «Лукашэнка спрабуе нібыта палепшыць сітуацыю з размяшчэннем чужой ядзернай зброі на беларускай зямлі, але зноў атрымліваецца хлусня. Ён фактычна спрачаецца з Хрэніным і Шойгу, якія 25 траўня падпісалі паперы аб замацаванні за Масквой кантроля над ядзернай зброяй на нашай тэрыторыі, у тым ліку яе выкарыстання.
Дакладна зразумела адно: будзе Крэмль кантраляваць ядзерную зброю ў Беларусі, Лукашэнка ці яны разам – для беларусаў яе знаходжанне на нашай зямлі вельмі кепская навіна. Ядзерная зброя і наяўнасць расійскіх войск у Беларусі зноў стварае пагрозу бяспецы краіны і жыццям беларусаў. Тую самую пагрозу, якую мы асэнсавана ад сябе адвялі ўсім грамадствам, калі замацавалі без'ядзерны статус Беларусі ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце 1990 года і ў Канстытуцыі 1994 года.
Лукашэнка і Пуцін ставяць нашую краіну на шлях ваеннага супрацьстаяння з іншымі дзяржавамі. Аднак незалежнасці і бяспецы Беларусі найбольш пагражаюць Лукашэнка і імперская Расія. Іншых знешніх ваенных пагроз для нашай краіны не існуе. Гэта права кожнага грамадзяніна Беларусі не пагаджацца на такі сцэнар, уключна з размяшчэннем у нас чужой ядзернай зброі. Мы разам з Аб'яднаным пераходным кабінетам, іншыя сілы дэмакратычнага транзіту дзейнічаем, каб прыцягнуць увагу і дамагчыся супрацядзення свету на гэтае незаконнае размяшчэнне ядзернай зброі».