«Учора Міжнародная арганізацыя працы прыняла рэзалюцыю па Беларусі, у якой заклікала краіны-ўдзельніцы перагледзець адносіны з рэжымам Лукашэнкі. Такое рашэнне МАП прымае толькі другі раз за сваю гісторыю. Абсалютная большасць сяброў арганізацыі з усяго свету, а менавіта 301, выступілі за прыняцце гэтай рэзалюцыі. На галасаванні была і дэлегацыя рэжыму Лукашэнкі, якая спрабавала пераканаць сусветную супольнасць, але гэтага зрабіць не атрымалася.
На працягу многіх гадоў рэжым у Беларусі парушаў правы грамадзян на свабоду асацыяцыі і вядзенне калектыўных перамоў, свядома ігнаруючы любыя рэкамендацыі. А з 2020 года ліквідаваў усе незалежныя прафсаюзы і арыштаваў больш за 40 прафсаюзных лідараў і актывістаў. Гэта заканамерная рэакцыя на сістэматычнае парушэнне правоў працоўных і рэпрэсіі.
Безумоўна, трэба, каб гэтая рэзалюцыя мела практычныя крокі. Каб на міжнародным узроўні аказвалася неабходная падтрымка беларускім незалежным прафсаюзам і рэпрэсіраваным працоўным. Каб дзяржавы і бізнесы сапраўды спынілі любыя адносіны са злачынным рэжымам і не аказвалі яму фінансавую і тэхнічную дапамогу. І, вядома, неабходныя рэальныя механізмы ўплыву на рэжым для спынення рэпрэсій супраць працоўных, допуску адвакатаў да асуджаных прафсаюзных лідараў і актывістаў і іх вызвалення».