Святлана Ціханоўская: «У тыя дні, калі вольную спартоўку Надзею Астапчук паўтара месяцы ўтрымліваюць у катавальных умовах на Акрэсціна, а потым адпраўляюць на «пакаяльнае інтэрв'ю», у свеце сур'ёзна абмяркоўваюць, ці можна дапускаць спартоўцаў рэжыму і Расіі на Алімпіяду.
З 2020 года беларускія спартоўцы масава выказаліся супраць фальсіфікацый, рэпрэсій і катаванняў. На іх заводзілі крымінальныя справы, іх садзілі ў турмы, пазбаўлялі кар'еры. Яны выступілі супраць рэжыму – і страцілі магчымасць патрапіць на Алімпіяду.
Прарэжымныя спартоўцы, такія, як Максім Недасекаў, не бачаць нічога дрэннага ў рэпрэсіях і катаваннях. Яны не бачаць злачынстваў Расіі ў вайне і адкрыта падтрымліваюць рэжым. Нягледзячы на рэпрэсіі спартовай грамадскасці ў Беларусі, такіх спартоўцаў дапусцілі на Алімпіяду ў Токіа. Нягледзячы на спробу сілком павезці ў Беларусь лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую, іх дапусцілі на Алімпіяду ў Пекін. І нават нягледзячы на саўдзел рэжыму ў вайне Расіі супраць Украіны, іх збіраюцца дапусціць на Алімпіяду ў Парыжы. А сумленных беларускіх спартоўцаў, якія ўвесь гэты час змагаліся з рэжымам і выступалі супраць вайны, на Алімпіядзе не будзе – таму што рэжым не дае ім магчымасці прымаць удзел у спаборніцтвах.
Нічога агульнага са справядлівасцю тут няма. Я падтрымліваю пазіцыю Фонда спартовай салідарнасці. Спартоўцы, якія падтрымліваюць рэпрэсіі, фальсіфікацыі і вайну ва Украіне, не павінны ўдзельнічаць у Алімпіядзе. Ні пад якім сцягам – ні пад дзяржаўным, ні пад расійскім, ні пад нейтральным».