Прама цяпер у Радзе па правах чалавека ААН прэзентуюць даклад па сітуацыі ў Беларусі, у якім сабраныя доказы злачынстваў рэжыму супраць чалавечнасці. Гэта самы канкрэтны і моцны даклад з усіх, што выйшлі ў ААН па сітуацыі ў Беларусі. Ён можа даць ход адкрыццю новых спраў у межах універсальнай юрысдыкцыі і міжнародных расследаванняў па ўсёй Еўропе.
Зранку нацыянальная лідарка Беларусі сустрэлася з 27 пасламі краінаў ЕС у Жэневе, якія прадстаўляюць свае краіны ў ААН. А таксама – з прадстаўнікамі краінаў-чальцоў Рады па правах чалавека ААН: пасламі ЗША, Вялікабрытаніі, Гамбіі, Коста-Рыкі, Мексікі і іншых краінаў. Ціханоўская заклікала падтрымаць працяг спецыяльнага мандата ААН па Беларусі і прыняць рэзалюцыі супраць рэжыму.
Таксама Ціханоўская заклікала паслоў пры ААН:
– прызнаць Беларусь як краіну дэ-факта часова акупаванай Расіяй;
– прыцягнуць Лукашэнку да трыбуналу ў сувязі з падзеямі ва Украіне;
– неадкладна адрэагаваць на катаванні ў турмах Беларусі і ўмовы ўтрымання палітвязняў;
– падтрымаць працу міжнароднай платформы па зборы доказаў злачынстваў рэжыму IAPB і падтрымаць беларускіх праваабаронцаў.
Усе дэлегацыі, з якімі Ціханоўская сустрэлася ў Швейцарыі, запэўнілі, што
- падзяляюць Беларусь і рэжым Лукашэнкі;
- зробяць усё магчымае для падтрымкі грамадзянскай супольнасці, Антываеннага Руху, незалежных медыяў у Беларусі;
- будуць змагацца супраць дыскрымінацыі ў дачыненні да беларусаў – у тым ліку тых, хто вымушана выехаў са сваёй краіны і Украіны;
- сёння правядуць спецыяльную дыскусію па Беларусі з удзелам экс-палітзняволенай Наталлі Хершэ.