Кіраўніца аддзела знешніх сувязяў Офіса Ціханоўскай Аляксандра Логвінава выступіла на прэс-канферэнцыі пра праблему адсутнасці меддапамогі палітвязням. У канферэнцыі, якая прайшла ў Сейме Літвы, таксама прынялі ўдзел сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч, адказны за пытанні юстыцыі НАК Міхаіл Кірылюк, юрыстка Юлія Леванчук і прадстаўнікі Сейма Літвы.
Аляксандра Логвінава звярнула ўвагу, што адсутнасць медыцынскай дапамогі палітвязням выкарыстоўваецца як спосаб рэпрэсій і ціску на людзей:
«Па словах шматлікіх людзей, якія выйшлі з засценак, да іх у камеры наўмысна змяшчалі заражаных людзей. Рэгулярна зняволеным не перадаюцца лекі, збітых людзей могуць змясціць у маленькую камеру, дзе яны нават не змогуць легчы, і трымаць там суткамі без апрацоўкі і перавязкі ран.
Грамадзянскія лекары не маюць доступу ў сістэму. Гэта дапамагае хаваць злачынствы рэжыму: мы да гэтага часу не ведаем абставіны смерці Вітольда Ашурка, якога аддалі сваякам з перабінтаванай галавой.
Менавіта таму мы заклікаем міжнародныя арганізацыя Чырвоны Крыж і «Лекары без межаў» дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у ЦІП, ІЧУ і турмы Беларусі. Толькі нашая з вамі ўвага, накіраваная да гэтай праблемы з дапамогай СМІ, заяў і ціску міжнародных партнёраў, уздзейнічае на рэжым. Больш за ўсё ён баіцца галоснасці і праўды, і ў нашых з вамі сілах выкарыстаць гэты рычаг».