Святлана Ціханоўская звярнулася з адкрытым лістом да Папы Рымскага Францыска: «Братэрскае грамадства: бачанне для новай Беларусі».
Святлана Ціханоўская накіравала кіраўніку Каталіцкай царквы Папу Рымскаму Францыску адкрыты ліст, які стаў адказам на яго новую энцыкліку Fratelli Tutti (Усе браты), апублікаваную 3 кастрычніка. Энцыкліка, адрасаваная не толькі каталікам, але і ўсім хрысціянам і людзям добрай волі, прысвечаная пытанням сацыяльнага і палітычнага ладу грамадства. Папа Францыск, услед за св. Францыскам Асізскім, імя якога носіць пантыфік, прапануе сваё бачанне грамадства братэрства і цывілізацыі любові, заснаваных на прызнанні годнасці кожнага чалавека. Святлана Ціханоўская разважае ў святле Fratelli Tutti пра Беларусь і заклікае Папу Францыска падтрымаць беларусаў у іх імкненні да «лепшай палітыкі» і «сацыяльнага сяброўства», пра якія гаворыцца ў энцыкліцы.
У пачатку ліста Святлана Ціханоўская апавядае Папу, як Беларусь прыйшла да лета 2020 года. Яна канстатуе, што траўмаванае войнамі, рэпрэсіямі і Чарнобыльскай катастрофай беларускае грамадства абрала ў 90-я гады ўладу, «што абяцала стабільнасць і бяспеку, як аказалася – коштам свабоды, права выбару і самастойнасці». На працягу чвэрці стагоддзя беларусы неаднаразова спрабавалі змяніць несправядлівы парадак, аднак грамадства заставалася занадта раз'яднаным, атамізаваным. Парадаксальным чынам менавіта падчас пандэміі каранавіруса беларускі народ адчуў сілу салідарнасці і самаарганізацыі, асабліва на фоне пасіўнасці і абыякавасці дзяржавы. Натхнёныя гэтым вопытам – вопытам «братэрскага грамадства», што існуе ўжо тут і цяпер, дзякуючы салідарнасці і любові, вялікім пераменам, што складаюцца з маленькіх дзеянняў кожнага чалавека, беларусы паверылі ў будучыню і далучыліся да працэсу перамен і ў палітычнай сферы. Нягледзячы на пагрозы, ціск, пераслед, усялякія перашкоды, у тым ліку і арышт альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцкі пост, яны аб'ядналіся ў патрабаванні празрыстых і справядлівых выбараў.
Адзін з ключавых вобразаў энцыклікі Fratelli Tutti – збіты вандроўнік з прыпавесці Ісуса Хрыста пра Добрага Самараніна. Святлана Ціханоўская параўноўвае з гэтым вандроўнікам беларускі народ пасля выбараў. Улады спачатку абрабавалі беларусаў, скраўшы іх галасы, а калі тыя выйшлі на вуліцы, каб мірна выказаць свой пратэст, абрынулі на іх гвалт, знявагу і катаванні. Аднак грамадства не стала адказваць на дзяржаўную агрэсію тым жа, замест гэтага людзі з самых розных сацыяльных і прафесійных груп прадоўжылі пратэставаць мірна. Святлана Ціханоўская асабліва падкрэслівае ролю жанчын у гэтым працэсе. Яна цытуе праваслаўнага і каталіцкага епіскапаў Арцемія (Кішчанку) і Юрыя Касабуцкага, якія, кажучы пра пратэст беларускіх жанчын, узгадалі словы апостала Паўла: «Не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром!»
Святлана Ціханоўская піша пра тое, як беларускія хрысціяне розных канфесій шукаюць выйсце з палітычнага крызісу. Служыцелі хрысціянскіх цэркваў не перастаюць заклікаць да спынення гвалту, вызвалення зняволеных, пачатку дыялогу. Каталіцкія, праваслаўныя і рэфармацкія супольнасці ладзяць публічныя малітвы за мір у Беларусі ў храмах і на вуліцах, арганізуюць дапамогу пацярпелым, спрабуюць наладзіць кантакты паміж царквой, дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю. Святлана Ціханоўская адзначае, што часта вернікі розных традыцый дзейнічаюць, моляцца і працуюць разам.
Пры гэтым цэрквы Беларусі падзяляюць з астатнім грамадствам тыя пакуты, якія яно пераносіць у сваёй барацьбе за справядлівасць. Святлана Ціханоўская называе ў сваім лісце імёны многіх святароў і вернікаў, што сталі ахвярамі дзяржаўных рэпрэсій за апошнія месяцы. Гэта праваслаўны святар Уладзімір Драбышэўскі, што выйшаў на вуліцы Гомеля з плакатам «Спыніце гвалт!», пасля чаго быў асуджаны на 25 сутак турэмнага зняволення. Гэта епіскап Юры Касабуцкі і айцец Сяргей Лепін, што публічна асудзілі знішчэнне мемарыялу Рамана Бандарэнкі, пасля чаго былі выкліканыя ў пракуратуру і атрымалі папярэджанні за «распальванне варожасці». Гэта хрысціянская актывістка з Брэста Алена Гнаўк, што станавілася на калені паміж пратэстоўцамі і сілавікамі, молячыся за мір, але некалькі разоў запар трапіла за краты. Гэта каталіцкі святар з Расонаў Вячаслаў Барок, што смела сведчыць у інтэрнэце пра сацыяльнае вучэнне царквы і пра сваю грамадзянскую пазіцыю, за што зазнаў пераслед (на момант публікацыі ліста ён асуджаны на 10 сутак турмы).
Асаблівая ўвага аддадзена ў лісце асобе архіепіскапа Тадэвуша Кандрусевіча, кіраўніка Каталіцкай царквы ў Беларусі, які адным з першых заклікаў улады да дыялогу і спынення гвалту, пасля чаго быў незаконна пазбаўлены права вярнуцца ў краіну да сваёй паствы і знаходзіцца ў выгнанні. Святлана Ціханоўская падкрэслівае ролю і значэнне Тадэвуша Кандрусевіча як «сапраўднага пасярэдніка», што выступіў прадстаўніком такой царквы, «якая служыць, якая выходзіць з дому і выходзіць са сваіх храмаў, выходзіць са сваіх сакрыстый, каб суправаджаць жыццё, падтрымліваць надзею, быць знакам адзінства, будаваць масты, разбураць сцены, сеяць насенне прымірэння».
Нягледзячы на ўвесь ціск, беларускі пратэст захоўвае свой негвалтоўны характар. Да яго пасуюць словы энцыклікі Fratelli Tutti пра «мільёны розных дзеянняў, вялікіх і малых, што крэатыўна спалучаюцца, падобна на словы ў вершы». Святлана Ціханоўская завяршае свой зварот да Папы пытаннямі і просьбай узвысіць свой голас: «Ці зможа голас царквы і голас народа прабіцца праз браняванае шкло аўтамабіляў, праз шчыты міліцыі, праз адключаны інтэрнэт? Якое прарочае слова мае сілу разбурыць гэтыя муры і пабудаваць масты? Ад імя беларускага народа мы просім Вашых святых малітваў і Вашага сапраўднага слова праўды і справядлівасці, якія былі б для ўсіх нас добраслаўленнем».
Поўны тэкст ліста даступны на рускай, беларускай і англійскай мовах.