«Заўтра, 14 траўня, а 10:30 у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска пачынаецца «суд» над студэнтамі і выкладчыкамі, затрыманымі ў лістападзе 2020-га: Ксеніяй Сырамалот, Анастасіяй Булыбенка, Глебам Фіцнерам, Ягорам Канецкім, Іллём Трахтэнбергам, Вікторыяй Гранкоўскай, Марыяй Каленік, Касяй Будзько, Янай Арабейка, Таццянай Якельчык, Аланай Гебрэмарыям і Вольгай Філатчанкавай.
Вы можаце прыйсці ў суд Кастрычніцкага раёна на вул. Сямашка, 33 а 10:30 і падтрымаць іх. Бо дзякуючы гэтым адважным дзяўчатам і хлопцам мы даведаліся, каго рэжым лічыць рэальнай пагрозай: моладзь і выкладчыкаў, найлепшых прадстаўнікоў сваіх факультэтаў і ўніверсітэтаў, студэнтаў, якія паступалі з залатымі медалямі і набіралі па 100 балаў на ЦТ.
Сёння, 13 траўня, бубнач гурта «Патрабуем разысціся» Аляксей Санчук атрымаў 6 гадоў калоніі строгага рэжыму – толькі за тое, што граў на маршах. Пры затрыманні сілавікі яго збівалі і патрабавалі пароль ад тэлефона.
На гэтым жа тыдні пачаўся «суд» над палітыкамі і актывістамі Паўлам Севярынцам, Ірынай Шчаснай, Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Дзмітрыем Казловым, Максімам Вінярскім, Андрэем Войнічам. Гэты працэс зрабілі цалкам закрытым.
Чаму? Таму што нават прадстаўнікі рэжыму разумеюць, што такое «правасуддзе» не мае нічога агульнага з законам. Універсітэцкую, актывісцкую, культурную эліту спрабуюць выставіць страшнымі злачынцамі і аддаць забыццю. Зняволеным лідарам пратэсту не перадаюць пасланні – Маша Калеснікава на свой дзень нараджэння не атрымала як мінімум 360 адпраўленых лістоў, а ёй самой выставілі абвінавачванне з тэрмінам да 12 гадоў турмы. Адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзій і мяняюць закон аб адвакатуры, каб нават яны не маглі ўбачыць і распавесці, што сапраўды адбываецца ў турмах. Пры гэтым тыя, хто выходзіць з-за кратаў, распавядаюць, як людзей збіваюць, кідаюць у камеры голымі і заліваюць хлоркай. А на суды над гэтымі ж людзьмі не ўпускаюць ні журналістаў, ні калег, ні сваякоў вязняў сумлення.
Калі рэжым заяўляе, што трэба «спыніць нікому не патрэбнае супрацьстаянне», і яму няма чаго хаваць – то чаму ён так старанна хавае свае злачынствы і судзілішчы? На працэсе над Севярынцам у Магілёўскім абласным судзе заявілі, што пасяджэнне будзе закрытым, таму што матэрыялы следства адносяцца да «таямніцы, якая ахоўваецца законам». На самай справе гэта таямніца, якая ахоўваецца балаклавамі сілавікоў. І пакуль мы з вамі працягваем барацьбу і пратэст, ніякага забыцця не будзе. А ўсё таемнае стане матэрыяламі для сумленных судоў.
Я ведаю, што ў новай Беларусі закон будзе аднолькавым для ўсіх. Што ўсе нашыя героі пераменаў будуць рэабілітаваныя і адноўленыя на працы і ўва ўніверсітэтах. Але самае галоўнае – я ведаю, што мы правядзем адкрыты і незалежны суд над мінулым, каб больш ніколі не дапусціць падобных «таямніц» у будучыні».