Ціханоўская пачала тэлефанаванне з падзякі за адкрыты ліст ёй і яе камандзе ад дыяспары ў снежні 2021-га. На тэлефанаванні з боку Офіса таксама прысутнічалі дарадцы Аляксандр Дабравольскі і Франак Вячорка, кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Валер Кавалеўскі. Мадэрыраваў тэлефанаванне каардынатар па працы з дыяспарамі Данііл Гаркавы.
Прадстаўнікі дыяспары ўзнялі пытанне спрашчэння легалізацыі беларусаў, абмеркавалі падтрыманне беларускага парадку дня на фоне іншых праблем у рэгіёне. Святлана Ціханоўская запэўніла, што беларусы не дапусцяць змены фокусу праблемы. Валер Кавалеўскі ўдакладніў:
– Запэўненні, якія мы атрымалі ад ЗША, краін ЕС і іншых дзяржаў, дастаткова прынцыповыя. Гэтыя краіны не пойдуць на ценявыя ўгоды, не будуць праводзіць за нашай спінай перамовы і гандаль палітвязнямі. Ужо паўтара гады краіны Захаду трымаюць гэтую пазіцыю, нягледзячы на дзеянні рэжыму.
Узнялі тэму «рэферэндуму» і ўдзелу дыяспары ў гэтым мерапрыемстве. На пытанне адказала Святлана Ціханоўская:
– Мы разумеем, што гэты «рэферэндум» незаконны. Таму мы абралі стратэгію заклікаць беларусаў у Беларусі ісці на ўчасткі і рабіць бюлетэні нядзейснымі. У іншых краінах – арганізаваць назіранне і экзітполы. Таксама важна арганізоўваць мітынгі і паказваць нашае стаўленне да «рэферэндуму», падтрымліваць інфармацыйна і расказваць, як дзейнічаць.
Таксама падчас тэлефанавання дамовіліся, што праца беларускай дыяспары ва Украіне і Офіса Ціханоўскай працягнецца і будзе сістэмнай.
– Мы працуем над магчымасцю арганізаваць афіцыйны візіт ва Украіну – для гэтага трэба афіцыйнае запрашэнне ад урада або Вярхоўнай Рады. І шмат у чым менавіта праца дыяспары дапамагае нам стварыць медыйную ўвагу і паўплываць на палітычную волю кіраўніцтва, – заявіла Ціханоўская.