У Вільні завяршыў сваю працу Форум Каліноўскага. Прадстаўнік Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька расказвае, якія вынікі Форума для Беларусі:
1. Запушчаны працэс стварэння групаў за дэмакратычную Беларусь у нацыянальных парламентах. Да канферэнцыі яны былі ў парламентах ЗША, Літвы, Польшчы, Украіны, Швецыі. У найбліжэйшыя дні такая група будзе створаная ў парламенце Латвіі. Пачаты перамоўны працэс з дэпутатамі Бундэстага, нацыянальнага сходу Францыі, парламентаў Нідэрландаў, Грузіі, Эстоніі. Гэтыя групы важныя для тысячаў беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь і Украіну – яны будуць адстойваць інтарэсы беларусаў.
2. Зараз у некаторых краінах адзначаныя факты дыскрымінацыі ў адносінах да беларусаў. Але ўжо ёсць дамоўленасць з дэпутатамі, якія бралі ўдзел у канферэнцыі, што яны выкарыстоўваюць свае магчымасці, каб тлумачыць калегам, медыям і народам сваіх краінаў, што беларусы супраць рэжыму і яго дзеянняў.
3. Парламенцкая асамблея Рады Еўропы спыніла любыя адносіны з рэжымам. Але пакуль у парламенцкай Асамблеі АБСЕ яшчэ ёсць прадстаўнікі Лукашэнкі. Ёсць і парламенцкая Асамблея Еўранэст, дзе зараз 10 пустых крэслаў. Нам удалося дабіцца, каб там не сядзелі нелегітымныя дэпутаты. Цяпер мы абмяркоўваем, каб на гэтых месцах былі прадстаўнікі дэмакратычнай Беларусі.
4. Мы дамовіліся з дэпутатамі еўрапейскага парламента, што пачынаем працу над планам падрыхтоўкі дамовы паміж Еўрапейскім парламентам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Калі мы створым такі дакумент, я думаю, мы зможам вырашаць вельмі шмат пытанняў беларусаў. Гэта датычыцца будучай фінансавай падтрымкі для краіны, бязвізавага рэжыму і іншых пытанняў.
Уся гэтая праца – частка Беларускага Антываеннага Руху.
Усе вынікі – у відэа.