Сёння завяршыўся экспертны семінар пра будучыню рэгулявання выбараў у Беларусі, які правёў спецпрадстаўнік па выбарах Аляксандр Шлык пад патранажам Офіса Ціханоўскай.
У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі НАК, КР, беларускіх ініцыятываў і экспертаў па выбарах. У вітальным слове Святлана Ціханоўская патлумачыла, чаму ўжо цяпер трэба казаць пра новыя выбары:
«Навошта казаць пра выбары, калі яны яшчэ не прызначаныя? Ужо цяпер мы павінны падрыхтаваць механізмы, дзякуючы якім грамадства зможа кантраляваць змены ў краіне ў пераходны перыяд. У пераходны перыяд у нас не будзе часу абмяркоўваць дэталі і падрабязнасці ўладкавання выбараў. І такія абмеркаванні адкрываюць магчымасць грамадзянам удзельнічаць у кіраванні Беларусі, закрануць такія пытанні, як палітычныя правы жанчын, моладзі, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, уключыць усе ўразлівыя групы, падумаць пра кожнага».
Падчас семінару абмяркоўвалі Канцэпцыю новага Выбарчага кодэксу, які падрыхтаваў Аляксандр Шлык. Дакумент прапануе забяспечыць празрыстасць і падсправаздачнасць фінансавання кандыдатаў, стварыць свабоду меркаванняў і свабоду слова СМІ падчас выбарчай кампаніі. Канцэпцыя даступная на сайце для абмеркавання і каментароў.
Ціханоўская: «Вельмі важна памятаць: новыя сумленныя выбары – гэта нашае ключавое патрабаванне разам са спыненнем гвалту і вызваленнем палітвязняў. Чаму важна нагадваць сабе і іншым гэтыя патрабаванні? Таму што як толькі нашыя палітычныя патрабаванні знікнуць, гэта будзе азначаць, што грамадства ўсё задавальняе».
Каб выказаць сваю нязгоду з рэжымам, далучайцеся да адзінай стратэгіі дэмсілаў па «рэферэндуме»: прыходзьце ў дзень галасавання на выбарчыя ўчасткі, рабіце бюлетэнь нядзейсным, паставіўшы крыжыкі насупраць усіх прапанаваных варыянтаў.