«Цяпер вакол майго інтэрвʼю «Новай газеце Еўропа» шмат вострых абмеркаванняў. Але для мяне галоўнае, што шмат беларусаў у сваіх сацсетках выказалі словы падтрымкі і яшчэ раз паказалі агульнасць нашых поглядаў. Бо галоўнае для нас і для нашай краіны зараз – самастойнасць у прыняцці рашэнняў, палітычная незалежнасць і адзінства ў пазіцыях захавання суверэнітэту.
Я заўсёды рада зваротнай сувязі і імкнуся да яе прыслухоўвацца. І паверце, вашыя словы – важная ацэнка маёй працы», – пракаментавала Ціханоўская.
Ніжэй некалькі цытат з інтэрвʼю:
- Аб стаўленні беларусаў да вайны ва Украіне
Я ведаю, што калі чалавека ў Беларусі спытаць пра вайну, то ён прамаўчыць. Не скажа, што супраць, бо ведае, што пасля такіх слоў яго могуць у турму пасадзіць. Але ён ніколі не скажа, што ён за, што правільна там Расія ўсё робіць. Ніколі.
- Аб розніцы менталітэтаў беларусаў і расіянаў
Мы ж бачым знакі Z на вуліцах у Расіі, бачым расіянаў, вельмі агрэсіўна супраць Украіны настроеных. У Беларусі вы такога не ўбачыце ніколі. У нас беларусы проста не разумеюць, як можна напасці на суседнюю краіну. Для беларусаў гэта незразумела, а расіяне ўсё ж маюць імперыялістычныя амбіцыі, і яны распаўсюджваюцца на большасць насельніцтва, на жаль.
- Аб недапушчэнні ставіць знак роўнасці паміж Беларуссю і Расіяй
Мы дамагаемся таго, каб Беларусь і Расію не клалі ў адзін кошык. Калі трэба правесці нейкі закон, накіраваны і на беларусаў, і на расіян, то рабіце гэта рознымі пунктамі. Таму што калі ўрад краіны паказвае побач Расію і Беларусь, то ва ўспрыманні людзей гэтай краіны яны аказваюцца недзе на адным баку.