Падчас візіту дарадцы Святланы Ціханоўскай па пытаннях міжпарламенцкага супрацоўніцтва і канстытуцыйнай рэформе Анатоля Лябедзькі ў Кіеў ён сустрэўся з дарадцам Офіса прэзідэнта Украіны Міхаілам Падаляком. Сёння Анатоль Лябедзька і Міхаіл Падаляк правялі сумесны прамы эфір, дзе абмеркавалі перспектывы развіцця беларуска-ўкраінскіх адносін, сітуацыю ў Беларусі і прававыя праблемы беларусаў ва Украіне.
Са слоў Падаляка, сур'ёзна да Лукашэнкі ва Украіне ніхто не ставіцца ні на адным з узроўняў улады. «Мы не бачым у яго перспектываў з пункту гледжання палітыка, які нешта можа прапанаваць Беларусі. Ён трымае Беларусь у закладніках – гэта несумненна, асабліва пасля 2020 года», – сказаў дарадца Офіса прэзідэнта Украіны.
Ён узгадаў, што прэзідэнт Зяленскі прама кажа, што пасля падзення расійскага рэжыму ў Беларусі пачнецца эпоха палітычнай трансфармацыі.
Таксама Міхаіл Падаляк адзначыў, што неўрэгуляваныя прававыя пытанні беларусаў ва Украіне, у тым ліку палка Каліноўскага, добраахвотнікаў і валанцёраў, немагчыма вырашыць цяпер у поўным аб'ёме. Але шукаюцца сістэмныя рашэнні і будзе арганізаваная нефармальная група, якая будзе рэагаваць пры ўзнікненні крызісаў.