Сёння Святлана Ціханоўская выступіла ў вядомым галандскім інстытуце міжнародных адносінаў Clingendael, які кансультуе па знешняй палітыцы міністэрства замежных спраў, міністэрства абароны і ўрад Нідэрландаў. Яна прыняла ўдзел у дыскусіі спецыялістаў па Беларусі, Украіне, Усходняй Еўропе, а таксама прадстаўнікоў медыяў, якія асвятляюць пытанні рэгіёну.
Ціханоўская расказала пра барацьбу беларусаў, палітвязняў, пра сітуацыю з расійскімі войскамі ў нашай краіне і тое, як Лукашэнка ўцягвае беларусаў у вайну супраць Украіны. Абмеркавалі магчымыя варыянты развіцця падзеяў у рэгіёне і тое, якім чынам сяброўскія краіны павінны дзейнічаць, каб дапамагчы беларусам пазбавіцца ад тыраніі.
Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што зараз неабходна дамагчыся вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, спыніць любое фінансаванне рэжыму Лукашэнкі і падтрымліваць беларусаў, якія пакутуюць ад рэпрэсій і пераследу.
- Цытата з выступу Святланы Ціханоўскай:
«Вельмі важна ізаляваць Лукашэнку на міжнароднай арэне, пазбавіць яго легітымнасці і прызнання. Пасля таго, як ён стаў памагатым Пуціна ў вайне супраць Украіны, я спадзяюся, у заходніх палітыкаў больш не засталося ілюзій. Яго месца – на лаве падсудных у зале суда тут, у Гаазе, і ён павінен падзяліць адказнасць за тое, што адбылося ва Украіне. На жаль, мы дагэтуль чуем галасы, якія прапануюць дыялог з ім. Не дайце сябе абдурыць. Ён скарыстае гэта толькі як магчымасьць легітымізаваць сябе і застацца ва ўладзе. Замест гэтага падумайце пра такія санкцыі, якія пазбавяць рэжым усіх крыніцаў фінансавання і закрыюць усе пакінутыя шчыліны».