Пачалася шматбаковая сустрэча дэмакратычных сілаў Беларусі з кіраўніцтвам ЕС у асобе вярхоўнага прадстаўніка па знешняй палітыцы ЕС Жазэпа Барэля і прэзідэнта Еўрапейскай рады Шарля Мішэля.
Міжнародную супольнасць прадстаўляюць 12 міністраў замежных спраў: Аўстрыі, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Мальты, Польшчы, Румыніі, Славеніі, Харватыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі.
Дэмакратычныя сілы прадстаўляюць лідарка Святлана Ціханоўская, кіраўнік НАК Павел Латушка, прадстаўнікі КР Таццяна Марыніч і Андрэй Ягораў, чалец каманды Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў, прадстаўнікі медыя, бізнесу, праваабароны і дыяспар.
Ціханоўская адкрыла сустрэчу, расказаўшы пра тое, як медыя і бізнесы перабудоўваюць працу пасля рэлакацыі, як у Беларусі працуе самвыдат, ствараюцца грамадзянскія ініцыятывы і якая агульная стратэгія на абвешчаным «рэферэндуме».
Яна заклікала Еўропу пашырыць стратэгічную дапамогу – як План ЕС для дэмакратычнай Беларусі, прапрацаваць пытанне бязвізу і лібералізацыі імпарту паслуг з Беларусі. Таксама яна акрэсліла магчымы фармат удзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве: «Сітуацыя мяняецца хутка, і наш поспех будзе вызначацца нашай смеласцю, цвёрдымі рашэннямі і гатоўнасцю дзейнічаць разам».
Следам за Святланай Ціханоўскай выступіць кожны прадстаўнік дэлегацыі дэмакратычных сілаў.