Прэм’ерка Літвы Інгрыда Шыманіте, Вярхоўны прадстаўнік ЕС Жузэп Барэль, кангрэсмен Крыс Сміт і іншыя возьмуць удзел у форуме Кастуся Каліноўскага, які ладзіць Сейм Літоўскай Рэспублікі 22 сакавіка ў партнёрстве з Офісам Святланы Ціханоўскай.
Святлана Ціханоўская звернецца да сусветных дэмакратычных лідараў і экспертаў з заклікам дапамагчы ў правядзенні перамоў для мірнага вырашэння крызісу, каб забяспечаць перадачу ўлады і правядзенне новых свабодных і сумленных выбараў. Удзельнікі форуму абмяркуюць дапамогу грамадзянскай супольнасці і стварэнне адмысловага механізму ААН па парушэннях правоў чалавека ў Беларусі.
“Ужо паўмільёна беларусаў прагаласавала за мірны выхад з крызісу праз перамовы. Мы разумеем, што арганізаваць перамовы магчыма толькі пры міжнародным пасярэдніцтве. На Форуме Каліноўскага, разам з нашымі замежнымі партнёрамі, мы абмяркуем, як вярнуць людзям права выбару і якім чынам арганізаваць працэс перамоваў, каб вывесці нашу Беларусь з крызісу”, – заявіла Ціханоўская.
Акрамя Святланы Ціханоўскай у канферэнцыі прымуць удзел прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіте, Вярхоўны прадстаўнік ЕС Жузэп Барэль, дарадца Ангелы Мэркель Маціас Лютэнберг, старшыня камітэту па замежных справах Еўрапейскага парламента Дэвід Макалістэр, амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр, заснавальнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, многія іншыя.
Форум Каліноўскага ўпершыню адбыўся ў жніўні 2020 года і стаў пляцоўкай для дэмакратычнай падтрымкі беларусаў, выпрацоўкі агульнай стратэгіі дзеля вырашэння палітычнага і грамадзянскага крызісу ў Беларусі.