Гэтае месца захоўвае арыгінал Дэкларацыі незалежнасці, Канстытуцыі ЗША, Біль аб правах і іншыя гістарычныя дакументы. Прадстаўнікі архіва і амбасадарка ЗША Джулі Фішэр распавялі гісторыю барацьбы амерыканцаў за правы на свабоду сходаў, галасаванне, роўнасць у правах жанчын і мужчын. У архіве прадстаўленая Канстытуцыя ЗША, якая стала законам, што кансалідаваў амерыканцаў розных штатаў як адзіную нацыю. За ўвесь час было 11 000 прапаноў аб папраўках і перапісванні Канстытуцыі ЗША, але прайшлі толькі 27.
Ціханоўская падзякавала за магчымасць наведаць архіў і сказала, што беларусы як ніколі разумеюць важнасць змагацца за свае свабоды і Канстытуцыю, якая адлюстроўвае інтарэсы народа: «Канстытуцыя не можа перапісвацца пад асабістыя інтарэсы асобных людзей. Гэта галоўны закон дзяржавы, і ён павінен аб'ядноўваць, а не дзяліць людзей і адлюстроўваць волю ўсяго народа».