Функцыі прадстаўніка Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе Анатоля Лябедзькі пашыраныя – цяпер ён будзе працаваць з нацыянальнымі парламентамі і міжнароднымі парламенцкімі арганізацыямі.
У парламентах Літвы, Польшчы, Украіны, Канады, у Палаце прадстаўнікоў і Сенаце ЗША ўжо створаныя групы (кокусы) «За дэмакратычную/свабодную Беларусь». У іх уваходзяць дэпутаты, якія гатовыя актыўна ўдзельнічаць у фармаванні палітыкі сваіх краін па Беларусі. Гэта дазволіць больш актыўна прасоўваць беларускую тэму на міжнароднай арэне і больш эфектыўна аказваць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці.
Анатоль Лябедзька будзе займацца усталяваннем сувязяў у парламентах замежных дзяржаў, у першую чаргу, Еўропы і Амерыкі, для падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі і каардынаваць дзеянні дэпутатаў з розных краін па беларускай позве.
Якія наступныя крокі?
– Ствараць новыя групы па Беларусі ў парламентах розных краін, а таксама ў парламенцкіх асамблеях Рады Еўропы і АБСЕ.
– Арганізаваць супольнасць парламенцкіх груп па Беларусі розных краін і каардынаваць яе працу.
– Правесці Парламенцкую канферэнцыю па тэме Беларусі ў пачатку 2022 года.