Сёння канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц прыняў Святлану Ціханоўскую ў федэральнай канцылярыі ў Вене – яе сустракалі як лідара Беларусі, а сустрэча праходзіла ў фармаце тэт-а-тэт. Ціханоўская і Курц абмеркавалі выкананне дамоўленасцяў мінулай сустрэчы ў лістападзе і актуальную сітуацыю ў Беларусі.
Таксама сёння адбылася сустрэча з міністрам замежных спраў Аўстрыі Аляксандрам Шалянбергам.
Падчас сустрэч Святлана Ціханоўская:
– распавяла пра пераслед журналістаў, факты катаванняў у турмах і апошнія палітычныя справы і справу Ціханоўскага-Лосіка-Статкевіча;
– звярнула ўвагу на неабходнасць узмацнення ціску на рэжым Лукашэнкі для вызвалення палітычных зняволеных і спынення гвалту, а таксама выкарыстання санкцый як інструмента ціску;
– абмеркавала арганізацыю перамоў пры магчымым пасярэдніцтве Аўстрыі і іншых краін, ролю Аўстрыі ў арганізацыі перамоў, падтрымку аўстрыйскім урадам гуманітарных праграм для беларусаў, у прыватнасці, праграм для беларускіх артыстаў і дзеячаў культуры;
– падзякавала Аўстрыі за падтрымку спецыяльнай рэзалюцыі Рады па правах чалавека ААН аб надзяленні Офіса Вярхоўнага камісара адмысловым мандатам па Беларусі і за падтрымку запуску Міжнароднай платформы па парушэннях правоў чалавека ў Беларусі (IAPB).
Таксама Святлана Ціханоўская і міністр замежных спраў Аляксандр Шалянберг абмеркавалі прыняцце Усёабдымнага плана дапамогі Беларусі ад ЕС і чацвёртага пакета санкцый ЕС, абмеркаванне якога запланавана на 10 траўня.
Працоўная паездка працягнецца ў Італіі, дзе Святлана Ціханоўская сустрэнецца з кіраўніцтвам італьянскага МЗС і лідарамі палітычных партый.