Дарагія сябры,
Для пачатку дазвольце мне падзякаваць Амерыканскай гандлёвай палаце ў Літве за запрашэнне выступіць на гэтым мерапрыемстве. Ваша праца па прасоўванні і развіццю жаночага лідарства сапраўды ўражвае.
І, вядома, дазвольце падзякаваць Літве, якая стала прытулкам для мяне і тысяч беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсій. Літва з'яўляецца яскравым прыкладам жаночага лідарства: у краіне жанчыны займаюць пасады прэм'ер-міністра, спікера парламента, а таксама шматлікія міністэрскія пасады.
У часы гвалту і войнаў становіцца відавочна, што чым больш у палітыцы і бізнесе жанчын, тым больш у нашых рашэннях спагады, гуманнасці і мудрасці. А гэта менавіта тое, што трэба свету – цяпер і заўсёды.
Барацьба за справядлівасць і дэмакратыю – гэта не спрынт, а марафон. Жанчыны-лідаркі валодаюць дастатковым цярпеннем і ўстойлівасцю, каб вытрымаць усе нягоды такой доўгай дыстанцыі. На мой погляд, яны часцей глядзяць у будучыню, чым у мінулае. Яны менш думаюць пра гістарычныя памылкаі альбо перамогі, а больш – пра будучыя праблемы.
Павінна прызнацца: пасля трох гадоў у палітыцы я ўсё яшчэ не лічу сябе палітыкам. Я ніколі не хацела быць палітычнай лідаркай. Аднак, я ім стала – праз каханне.
Менавіта праз любоў да майго мужа Сяргея я вырашыла ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2020 года замест яго. Лукашэнка так баяўся Сяргея, што пасадзіў яго ў турму. Дыктатар ніколі не гуляў сумленна.
У той час у мяне былі іншыя клопаты – выхаванне сына і дачкі. Уся мая ўвага была на іх, таму што мой сын з нараджэння меў асаблівыя патрэбы. Доўгі час я спрабавала яго рэабілітаваць, не ведаючы, дапаможа гэта яму ці не. Цяпер я змагаюся за свабодную Беларусь, а сітуацыя шмат у чым такая ж: я не ведаю, калі мы пераможам, але мы павінны ўпарта працаваць і спадзявацца на лепшае.
Як усім нам тут добра вядома, на жанчын часта не звяртаюць увагі. Асабліва ў палітыцы, якая дагэтуль лічыцца «мужчынскім светам» нават у дэмакратычных краінах, не кажучы ўжо пра такую патрыярхальную краіну, як Беларусь. Сам Лукашэнка адразу ж заявіў: «У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну».
Ён быў няправы. Па-першае, не існуе ніводнай дзяржаўнай пасады, створанай «толькі для мужчын»… А калі ёсць, то праблема ў пасадзе, а не ў жанчынах.
Па-другое, беларускі народ не супраць жанчыны-прэзідэнта. Наадварот. Яны стаміліся ад старога мача-самазванца, які дваццаць шэсць гадоў здзекваўся над краінай. Ён казаў пра Беларусь як пра сваю «каханую», якую не збіраўся «аддаваць». І, вядома, ён быў гатовы нават на гвалт, каб «любімая» яму падпарадкоўвалася.
Калі я вяла сваю прэзідэнцкую кампанію, да мяне далучыліся яшчэ дзве жанчыны – Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала.
Нам хапіла ўсяго 15 хвілін, каб дамовіцца і аб'яднацца. Часта мужчынам у палітыцы для гэтага патрэбныя месяцы.
Спачатку людзі не думалі, што ў мяне ёсць шанец. Але потым нешта змянілася. Беларусы ўбачылі жаночы, больш гуманны твар палітыкі. Тры маладыя, разумныя, сучасныя жанчыны ўвасаблялі сабой новую будучыню Беларусі.
Мы заваявалі сэрцы і розумы людзей. І ў выніку 9 жніўня 2020 года я перамагла на выбарах. Мы ўсе перамаглі. Перамагла Беларусь.
Лукашэнка быў раз'юшаны: ён прайграў жанчыне, якую раней называў «хатняй гаспадыняй». Ён абвясціў сябе пераможцам. У той жа дзень людзі выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць гэтай абуральнай фальсіфікацыі.
Паліцыя адказала на дэманстрацыі беспрэцэдэнтнай жорсткасцю. Прагучалі першыя стрэлы, загінулі першыя людзі. Турмы сталі катавальнымі камерамі для тысяч затрыманых.
Мне пагражалі супрацоўнікі КДБ, кажучы, што дзеля бяспекі сваіх дзяцей я павінна неадкладна пакінуць краіну. Мне давялося прыняць рашэнне, з якім буду жыць заўсёды: я пагадзілася з'ехаць з Беларусі. У тысяч іншых людзей такога выбару не было.
У тыя дні жаху я была ў роспачы, думала пра тое, каб здацца. Але беларускі народ даў мне мужнасць ісці далей.
Беларускія жанчыны першымі выйшлі на акцыю пратэсту супраць міліцэйскага самавольства. Апранутыя ў белае, яны маршыравалі па вуліцах, поўных АМАПу і КДБ. Яны былі бясстрашныя. Іх фатаграфіі ўбачыў увесь свет.
Гісторыя беларускай рэвалюцыі – гэта гісторыя беларускіх жанчын.
Пад ціскам жанчыны здольныя мабілізавацца. У цяжкіх абставінах выяўляюцца іх лідарскія якасці.
Прыгадайма Марыю Калеснікаву, якая парвала свой пашпарт, каб яе не змаглі сілком дэпартаваць з Беларусі. Трэба быць моцнай асобай, каб у такі момант праявіць такую мужнасць і лідарства.
Прыгадайма Наталлю Суславу, выкладчыцу літаратуры з Гомельскага ўніверсітэта. Яе сын Павел «Волат» аддаў сваё жыццё ў баях за Украіну. Наталля паехала туды і стала клапатлівай маці для яго баявых пабрацімаў. Калі яна вернецца ў Беларусь, ёй пагражаюць гады турмы за «садзейнічанне экстрэмізму».
Прыгадайма прадпрымальніцу і інвестарку Таццяну Марыніч, удаву палітвязня Міхаіла Марыніча. Таццяна вымушана пакінула Беларусь. Сёння яе стартап-хабы Imaguru працуюць у Вільні, Варшаве і Мадрыдзе.
Прыгадайма Людмілу Антаноўскую. Яна – прадпрымальніца, уладальніца і дырэктарка кампаніі «Полімастэр», якая вырабляе дэтэктары радыяцыі і дазіметры. Яна вымушана пакінула Беларусь і развівае свой бізнес у Літве.
Прыгадайма Паліну Шарэнду-Панасюк – актывістку з Берасця, маці дваіх дзяцей. Сярод усіх палітвязняў, у тым ліку мужчын, мабыць, менавіта яна праявіла самы моцны супраціў рэжыму. У судзе яна назвала працэс фарсам і заявіла суддзі, што не прызнае яго права судзіць яе. Ёй прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі. Яна адмовілася ад беларускага грамадзянства ў знак пратэсту супраць катаванняў і жорсткага збіцця у турме. Нарэшце, яна абвясціла галадоўку і прымусіла турэмшчыкаў палепшыць умовы ўтрымання зняволеных.
І сёння дыктатар працягвае пагардліва і па-сэксісцку казаць, што ён «не ваюе з жанчынамі». Вядома, гэта хлусня. З 2020 года па палітычна матываваных справах было асуджана больш за пяцьсот жанчын.
Сёння ў Беларусі сотні жанчын-палітвязняў. Я не сумняваюся, што ў будучай дэмакратычнай Беларусі любая з іх магла б стаць паспяховай прадпрымальніцай або палітыкам, а можа, і прэзідэнтам. Але для гэтага ім трэба застацца ў жывых і выйсці на волю.
Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб яны вярнуліся ў свае сем'і. Мы павінны патрабаваць іх безумоўнага вызвалення.
Я прашу вас выказваць салідарнасць з беларускімі жанчынамі-палітвязнямі. Вы можаце станавіцца іх «хроснымі мамамі», пісаць ім лісты і паштоўкі, ахвяраваць на праваабарончыя арганізацыі.
Я таксама прашу вас запрашаць беларусаў, асабліва беларускіх жанчын, у свае праекты або на свае мерапрыемствы. Няхай яны будуць вашымі партнёрамі і партнёркамі.
Барацьба беларускіх жанчын, якая пачалася ў 2020 годзе, яшчэ не скончана. І перамога беларусаў над дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі непазбежная.
Дарагія сябры,
Сёння мы будзем абмяркоўваць, як захоўваць лідарства ў неспакойныя часы. І мой адказ просты. Будзьце смелымі. Будзьце сумленнымі. Не пагаджайцеся з несправядлівасцю. І заўсёды адстойвайце свае каштоўнасці і прынцыпы.
Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!
Дзякуй.