«Апошнія некалькі дзён у Варшаве я правяла з беларусамі і ўкраінцамі. Няма словаў, каб перадаць увесь боль, праз якія праходзяць нашыя народы. Я сустрэлася з валанцёрамі, наведала склады, дзе збіраюць гуманітарную дапамогу, пагаварыла з сем’ямі уцекачоў. Галоўная думка, якая мяне не пакідае: вайна – гэта зло, і яе трэба спыніць. Я і мая каманда, мы будзем рабіць, што ад нас залежыць. Але ў мяне просьба да кожнага беларуса – рабіце і вы. Далучайцеся да Антываеннага Руху. Гэта няпраўда, што нельга нічога змяніць. Можна і трэба.
Я сустрэлася са сваімі сябрамі і калегамі па дэмакратычным руху. Радая правесці час з Паўлам Латушкам, Таццянай Хоміч, сястрой Машы Калеснікавай, ByPOL, Рабочым Рухам. Я радая, што ў нас захоўваецца адзінства і разуменне. Я радая што мы гаворым адным голасам. Толькі так нас пачуюць.
Цяпер вялікае значэнне мае міжнародная праца. Калі пачынаецца вайна – абсалютна крытычна мець саюзнікаў. Беларуская незалежнасць не павінна стаць разменнай манетай ці ахвярай геаплітычнага супрацьстаяння. Мая задача – быць голасам беларусаў і давесці свету, што мы народ, а не частка драпежнай імперыі. Сёння я буду на мерапрыемствах з удзелам прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, і скарыстаюся гэтай нагодай, каб падняць пытанне Беларусі.
Цягам апошніх некалькіх дзён я сустрэлася з прэзідэнтам Дудам, з міністрамі ўнутраных і замежных справаў, спікеркай Сейму, лідэрамі палітычных груп. Ужо пачала працу рабочая група з удзелам майго Офіса, каб вырашыць пытанне беларускіх уцекачоў, іх легалізацыі ў Польшчы. Мы зробім усё магчымае з польскімі сябрамі, каб беларусы адчувалі сябе ў Польшчы бяспечна і камфортна.
Таксама мая каманда працуе ў справе візаў: з Эстоніяй, Чэхіяй, Латвіяй. Бальшыня еўрапейскіх краінаў, якія маюць кансуляты ў Беларусі, працягваюць выдаваць візы – Іспанія, Францыя, Германія. Вядома, візы выдаюцца найперш палітычна рэпрэсаваным. Я прашу ўсіх паставіцца з разуменнем.
Я была радая прачытаць навіну аб змене меры ўтрыманьня для Анжалікі Борыс, я радая за ўсіх яе родных. Ну як можна не радавацца, калі чалавек вяртаецца дадому. Але гэта яшчэ не свабода. З Анжалікі павінна быць знятая любая варта, павінны быць знятыя усе абвінавачванні, і вінаватыя ў яе незаконным зняволенні павінны панесці пакаранне. Спадзяюся, мы неўзабаве будзем мець сувязь з Анжалікай Борыс, каб даведацца пра яе стан. Калі рэжым думае, што ён зможа зноў пачаць гандаль палітвязьнямі, то памыляецца. Усе павінны быць вызваленыя, і без ніякіх дадатковых умоваў.
Я вітаю добраахвотнікаў батальёна Кастуся Каліноўскага, якія ўчора склалі прысягу на вернасць Беларусі. Вамі ганарыцца Беларусь. Ведаю, што для вас гэта пакліканне: вы не маглі застацца ў баку, калі Радзіма ў бядзе. Многія з вас ахвяравалі ўсім дзеля справы, а некаторыя – ужо ахвяравалі самым галоўным жыццём. Будзем верыць, што вайна скончыцца, а Беларусь будзе свабодная. Мы ўсе хочам аднаго – міру і свабоды.
На запрашэнне добраахвотнікаў дэлегацыя дэмакратычных сілаў наведала Кіеў. У склад дэлегацыі ўвайшлі Валер Кавалеўскі ад майго Офісу, Валерый Мацкевіч ад НАУ, Анатоль Лябедзька і іншыя калегі – яны мелі магчымасць сустрэцца з беларускім батальёнам і украінскімі палітыкамі, каб выказаць падтрымку асабіста.
Рэжым Лукашэнкі мэтанакіравана ўцягвае нас у вайну з першага дня. Прадастаўленне тэрыторыі, аэрадромаў, бальніц – гэта ўжо саўдзел. Больш за тое, уся дзяржаўная прапаганда накіраванае на распальванне вайны і варожасці да Ўкраіны. Калі Лукашэнка пасля будзе сябе выстаўляць міратворцам ці медыятарам, не падманвайцеся – ён зрабіў усё, каб уцягнуць Беларусь гэтую вайну. У гэтыя дні сапраўды многае вырашаецца. Усе задаюцца пытаннем – ці пяройдуць узброеныя сілы мяжу Украіны, і ўступяць у вайну. Мы павінны зрабіць усё, каб гэтага не адбылося. Вайна – гэта зло, і наш агульны абавязак яе спыніць.
Як гэта зрабіць? Распаўсюджвайце інфармацыю сярод вайскоўцаў. Тлумачце наступствы. Вазьміце трубку і пазваніце ўсім сябрам, сваякам. Многія беларусы нават ня ведаюць, што Расея пры падтрымцы Лукашэнкі напалі на Ўкраіну. Дзяліцеся інфармацыяй, распаўсюджвайце саміздат, стварайце кантэнт, распавядайце пра перамяшчэнне расейскіх войск. Выхад на плошчу зараз мала магчыма, але ў барацьбе з антыбеларускай прапагандай мы дакладна можам атрымаць перамогу.
Дзякуй вялікі беларускім журналістам, якія сабраліся тут і працягваюць працу на карысць Беларусі. Нізкі вам паклон. Калі я ці мая каманда – нешта могуць зрабіць для вас, кажыце».