Святлана Ціханоўская: «Сёння малавядомае, але такое цёплае свята – дзень бабуляў і дзядуляў. Я ўсё часцей пераконваюся: нашыя бабулі і дзядулі – сапраўдныя супергероі.
Нават са слабым здароўем яны знаходзяць сілы ўсміхнуцца любімым унукам і накарміць нас самымі смачнымі блінамі.
Нават з несправядліва нізкай беларускай пенсіяй у руках яны ўмудраюцца песціць сваіх унукаў прыемнымі падарункамі, як цукеркі ці цёплая шапка.
Ці добра мы харчуемся, ці цёпла апранутыя, ці задаволеныя сваёй працай – усё гэта клапоціць нашых супергерояў больш, чым уласны дабрабыт. І таму так важна праявіць клопат у адказ. Напрыклад, у працоўны перапынак патэлефанаваць любімым бабулі і дзядулі. Заехаць да іх у госці на гарбату з тортам, проста так, без нагоды. Абмеркаваць з бабуляй навіны, дапамагчы дзядулю па гаспадарцы. Прывезці ім прадуктаў з крамы. Паклапаціцца, каб яны праверылі здароўе. Хай цяпло, якое яны дораць нам – вяртаецца да іх утрая.
У маёй сям'і бабулі і дзядулі заўсёды паўтаралі: найлепшы падарунак для нас – бачыць, што дзеці і ўнукі шчаслівыя. Думаю, так кажуць і вашыя любімыя сваякі.
І сёння я хачу падзякаваць беларускім бабулям і дзядулям за тую любоў, якую яны падарылі ўсім нам, і за тых выдатных людзей, якіх яны выхавалі.
Давайце раскажам ім, як моцна мы іх любім. Давайце аддзячым ім за клопат, праявіўшы клопат пра іх. Давайце падорым ім самы жаданы падарунак: кожны дзень будзем рабіць нешта, каб жыццё ў Беларусі стала шчаслівым як для бабуль з дзядулямі, так і для ўсіх унукаў і ўнучак».