Святлана Ціханоўская: «У гэты дзень 33 гады таму беларуская мова набыла статус дзяржаўнай. Гэта здарылася нават да разбурэння савецкай імперыі і было значным крокам да нашай незалежнасці. Усе законы, кодэксы і дзяржаўны дакументазварот вяліся па-беларуску. У школах не толькі гісторыю Беларусі, але і матэматыку, і фізіку з хіміяй выкладалі на ёй. І больш за 85% насельніцтва называлі беларускую роднай. Але гэта быў нядоўгі час.
Пасля першых жа лукашэнкаўскіх зменаў у Канстытуцыю 1995 года нашая мова страціла статус адзінай дзяржаўнай. І паводле наступнага перапісу колькасць людзей, якія карыстаюцца ёй і называюць роднай, упала на траціну. Сёння мы бачым, што нават замацаванае ў Канстытуцыі дзвюхмоўе не працуе. Сёння мясцовы чыноўнік наўрад ці звернецца ці адкажа вам па-беларуску. Сёння ў школах нават гісторыю Беларусі чамусьці выкладаюць па-руску. Кнігі нашых літаратараў забараняюць, а ў турмах за ўжыванне роднай мовы нават могуць пакараць.
Усё гэта – частка палітыкі рэжыму па знішчэнні нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. Але я бачу, што беларусы не дазваляюць сабе забыцца на свае карані. Штодня ўсё больш людзей разумеюць каштоўнасць роднай мовы і пачынаюць размаўляць на ёй з сябрамі. Няхай спачатку з памылкамі. Але па кроку мы ідзем да сваёй свабоды і незалежнасці, разумеючы, што без нацыянальнай свядомасці іх не здабыць.
Пакуль мы гаворым на беларускай мове, яна жыве, як жыве вольная Беларусь. Успомніце, колькі твораў беларускіх класікаў нам засталося з такіх жа цяжкіх часоў! Васіль Быкаў, наш нацыянальны герой, нават абыходзіў савецкую цэнзуру, бо цэнзары наўпрост не разумелі беларускай мовы і правілі толькі рускія пераклады. Гэта паказвае, што наша мова – гэта наша зброя. І я ўпэўненая, што мы здолеем абараніць і яе, і сябе, і здабыць Беларусі свабоду і незалежнасць, пра якія так марым мы і так марылі нашыя выбітныя продкі».