• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • 14 траўня ў Мінску пачынаецца «суд» над студэнтамі і выкладчыкамі

    13 мая, 2021

    14 траўня а 10:30 у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска пачынаецца «суд» над студэнтамі і выкладчыкамі, затрыманымі ў лістападзе 2020 года. Вы можаце падтрымаць кожнага з іх, прыйшоўшы на пасяджэнне або адправіўшы паштоўку. Усе яны знаходзяцца ў адной турме, таму адрас – агульны: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

    Ксенія Сырамалот. 21 год. Студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, валанцёрка «Вясны», якая ведае некалькі моў, скончыла ліцэй БДУ з медалём і здала два ЦТ на 100 балаў.

    Анастасія Булыбенка. 19 гадоў. Студэнтка БНТУ, скончыла мастацкую школу, удзельнічала ў КВЗ і займалася тэатрам. Выходзіла на жаночыя маршы і маршы студэнтаў.

    Глеб Фіцнер. 22 гады. Студэнт МДЛУ, пра якога сябры кажуць, што «ён ведае ўсё» і што Глеб лёгка мог з'ехаць з Беларусі, але хацеў рэалізавацца на радзіме.

    Ягор Канецкі. 21 год. Студэнт БДУ, чалец «Задзіночання беларускіх студэнтаў», актывіст «Свабоднага прафсаюза». Блізкія кажуць, што Ягор – з тых актывістаў, якія вольны час трацяць або на вучобу, або на арганізацыю мерапрыемстваў.

    Ілля Трахтэнберг. 20 гадоў. Студэнт БДУ, гулец «Што? Дзе? Калі?», прымаў удзел ва ўсіх забастоўках і студэнцкіх актыўнасцях. У лістах кажа, што не шкадуе пра сваю пазіцыю нават пасля палітычна матываванага адлічэння.

    Вікторыя Гранкоўская. 24 гады. Студэнтка БНТУ, стараста групы. Заклікала людзей не маўчаць і выходзіла з кветкамі на мірныя акцыі. «Я хачу вучыцца, дайце мне скончыць БНТУ! Я не хачу эміграваць, хачу жыць у сваёй краіне», – казала яна.

    Марыя Каленік. 22 гады. Студэнтка БДАМ. Сябры кажуць, што яна ідэалістка і востра ўспрымае несправядлівасць, таму стала адкрыта выказваць свой пратэст.

    Кася Будзько. 19 гадоў. Студэнтка БДПУ, удзельніца «Задзіночання беларускіх студэнтаў». Нават у турме яна малюе, апісваючы побыт палітвязняў. Гэтыя малюнкі Кася высылае ў лістах.

    Яна Арабейка. 20 гадоў. Студэнтка БДПУ, актывістка «Задзіночання беларускіх студэнтаў». Сябры расказваюць, што яна вельмі мілая і заўсёды хоча зрабіць свет лепшым. Яна прыходзіць на дапамогу, нават калі ёй самой дрэнна.

    Таццяна Якельчык. 19 гадоў. Студэнтка БДУ. Яе затрымалі 26 лістапада, правёўшы перад гэтым ператрус і забраўшы ўсю тэхніку.

    Алана Гебрэмарыям. 24 гады. Выпускніца БДМУ, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі, чалец Каардынацыйнай рады, актывістка «Моладзевага блока» і «Задзіночання беларускіх студэнтаў». Прынцыпова не збіралася з'язджаць з Беларусі, і захавала сваю рашучасць нават у зняволенні.

    Вольга Філатчанкава. 42 гады. Выкладчыца БДУІР. Па словах студэнтаў, адна з найлепшых выкладчыцаў БДУІР. Была незалежнай назіральніцай на выбарах, а пазней далучылася да нацыянальнага страйку і разам з калегамі заявіла пра сваю пазіцыю ў відэазвароце. Дома яе чакаюць сямігадовая дачка Маша і 18-гадовы сын Ваня.

    У сілах кожнага з нас падтрымаць гэтых герояў пераменаў і адправіць ім ліст або прыйсці на пасяджэнне. Яны павінны ведаць, што мы працягваем змагацца за тое, каб усе яны выйшлі на свабоду і былі рэабілітаваныя.

    Апошнія навіны