Сёння Святлана Ціханоўская пачне працоўны візіт у Ірландыю. У бліжэйшыя дні яна правядзе сустрэчы з міністрам замежных спраў Ірландыі Сайманам Кавені, міністрам па еўрапейскіх справах Томасам Бірнам і прэм'ер-міністрам Міхалам Марцінам.
Больш за 20 ірландскіх парламентарыяў нацыянальнага і Еўрапарламента ўзялі шэфства над палітвязнямі. Таму на кожнай сустрэчы будзе падымацца пытанне дапамогі сем'ям зняволеных па палітычных матывах і ўзмацненне ціску на рэжым для іх вызвалення. Таксама Ціханоўская будзе заклікаць падняць тэму Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН і ініцыяваць міжнародныя расследаванні і трыбунал па фактах злачынстваў супраць беларусаў.
Ірландыя мае намер падтрымліваць расследаванне ICAO па інцыдэнце з захопам самалёта Ryanair. Ціханоўская правядзе сустрэчу з CEO Ryanair Майклам О'Ліры – яны абмяркуюць, як кампанія можа дапамагчы ў расследаванні. Акрамя таго, сёння Ціханоўская сустрэнецца з беларускай дыяспарай у Дубліне.