Удзел у мерапрыемстве ўзялі дэпутаты польскага Парламента, прадстаўнікі ўраду, тэлеканала Белсат, незалежных медыяў і беларускіх НДА, якія працуюць у Польшчы.
- Тэкст выступу Святланы Ціханоўскай:
«Дарагія сябры,
Дзякуй за арганізацыю гэтай выставы. Народы Беларусі і Польшчы аб’ядноўвае супольная гісторыя, культура, а таксама супольныя героі. Сярод такіх герояў – Кастусь Каліноўскі, Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч і Уладзіслаў Сыракомля.
Сярод такіх герояў і Анджэй Пачобут, які сёння знаходзіцца ў закладніках рэжыму Лукашэнка. Анджэй – гэта чалавек гонару. Ён ніколі не здаваўся. Ён адмовіўся ісці на ўгоду з дыктатарам і прасіць памілавання. Калі пачаўся суд, вы маглі бачыць яго ў клетцы. Нават знаходзячыся ў турме, у сэрцы ён застаецца вольным чалавекам.
Пачобут пісаў праўду, нягледзячы на тое, што ведаў пра рызыку арышту. Ён з'яўляецца прыкладам мужнасці для многіх беларусаў і сімвалам беларуска-польскага сяброўства
Праз Анджэя Пачобута, рэжым спрабуе помсціць Польшчы за падтрымку дэмакратычнай Беларусі. Лукашэнка спрабуе знішчыць нашыя сувязі з Польшчай. Польская меншасць зазнае пастаянныя атакі з боку рэжыму. Закрываюць польскія школы і польскія класы. Але рэжым змагаецца не толькі з жывымі, але і з мёртвымі. У Беларусі працягваюць руйнаваць могілкі і помнікі польскім жаўнерам.
Сённяшні рэжым змагаецца не толькі з польскім, але і з усім беларускім. Беларуская культура, мова, грамадзянская супольнасць таксама зазналі беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі. Нашая задача – не даць рэжыму знішчыць і разбурыць нашую культуру і ідэнтычнасць.
Я веру, што беларускія палітвязні выйдуць на волю, у тым ліку і Анджэй Пачобут, якога ўтрымліваюць за кратамі вось ужо 670 дзён. Я веру, што ўсе вінаватыя ў злачынствах апынуцца на лавах падсудных. Я веру, што Беларусь стане свабоднай, незалежнай, еўрапейская дзяржавай
Дзякуй вялікі арганізатарам выставы, дзякуй польскаму Сейму, дзякуй польскаму ураду.
Дзякуй, што дапамагаеце нам у нашай барацьбе за свабоду».