Учора Святлана Ціханоўская знаходзілася з афіцыйным візітам у Таліне, дзе ўпершыню сустрэлася з новым міністрам замежных справаў Эстоніі Маргусам Цахкнай. З нагоды візіту беларускай лідаркі ў Міністэрстве замежных справаў выставілі бела-чырвона-белыя сцягі.
Святлана Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, паўзучую акупацыю Расіяй Беларусі, знішчэнне беларускай мовы і нацыянальнай ідэнтычнасці. Яна падзякавала Эстоніі за падтрымку ініцыятываў у Міжнароднай арганізацыі працы, а таксама кампаніі па недапушчэнні рэжыму Лукашэнкі ў Раду бяспекі ААН.
Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі:
– супольныя мерапрыемствы падчас Саміту НАТА і Генасамблеі ААН;
– дапамогу для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, у тым ліку для палка Каліноўскага;
– супрацьдзеянне краінаў Захаду размяшчэнню ядзернай зброі ў Беларусі і неабходнасць скаардынаванай стратэгіі па гэтай праблеме;
– дапамогу для беларусаў у Эстоніі, спрашчэнне міграцыйных і візавых працэдураў;
– правядзенне эстонска-беларускай канферэнцыі высокага ўзроўню ўвосень гэтага года;
– санкцыі супраць рэжыму, а таксама прыцягненне рэжыму да адказнасці за выкраданне ўкраінскіх дзяцей і рэпрэсіі супраць беларусаў.