Святлана Ціханоўская: «Нашая краіна б'е ўсё новыя антырэкорды. Сярод іх – дэфіцыт кваліфікаваных кадраў па ўсёй краіне. Толькі ў лютым 2023 па ўсёй Беларусі не хапала амаль 103 тысячы супрацоўнікаў розных сфераў – і гэтая колькасць расце. Крамы, школы і бальніцы ў вёсках і райцэнтрах закрываюцца, бо там няма каму працаваць. У той жа час чыноўнікі заклікаюць ствараць новыя працоўныя месцы.
У гэтых закліках няма ні логікі, ні сувязі з рэальнасцю. А рэальнасць у Беларусі такая: па ўсёй краіне затрымліваюць медыкаў, адвакатаў, псіхолагаў, на прадпрыемствах праходзяць масавыя скарачэнні, людзей пераследуюць за «няправільную» падпіску або каментар у інтэрнеце. Пры ўсім гэтым на заробак настаўніка ці медсястры немагчыма пракарміць сябе і дзіця. Замест стварэння ўмоваў для росту эканомікі, дзяржава стварае толькі праблемы. Вось і адказ на пытанне, чаму найлепшыя кадры з'язджаюць з краіны.
Адукаваныя, разумныя і здольныя беларусы з'язджаюць у іншыя краіны і прыносяць карысць гэтым краінам, плацяць там падаткі, жывуць без пастаянных пагрозаў, ціску, неаплатных суботнікаў. Там людзі знаходзяць тое, што не бачаць у Беларусі – годны заробак, павагу, абарону сваіх правоў.
Таму што беларусам патрэбныя зусім не пустыя абяцанні чыноўнікаў».