Год таму была створаная Кантактная група Рады Еўропы па адносінах з Беларуссю. Рада Еўропы была першай міждзяржаўнай арганізацыяй, у якой краіну прадстаўляюць дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасць. Асноўная мэта групы – дапамагаць Радзе Еўропы ў выпрацаванні пазіцый па Беларусі, каардынаваць і рэалізоўваць праекты па розных напрамках, дапамагаць рыхтаваць праекты рэформаў для новай Беларусі.
Такая сістэмная супраца з Радай Еўропы – важны крок на шляху еўраінтэграцыі Беларусі. У дэмакратычных сілаў і беларускай грамадзянскай супольнасці з’явіліся сталыя кантакты з прадстаўнікамі Рады Еўропы і магчымасць высока трымаць пытанне Беларусі на парадку дня. Дзякуючы менавіта працы Кантактнай групы ўзмацнілася ўзаемадзеянне ПАРЕ з беларускімі палітычнымі партыямі.
Кантактная група правяла тры паседжанні, у двух з іх удзельнічала Святлана Ціханоўская. За гэты год быў распрацаваны план з 15 мерапрыемстваў па падтрымцы прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў. Згодна з гэтым планам, Кантактная група арганізавала мерапрыемствы для незалежных журналістаў, беларускіх юрыстаў і моладзі. Зараз вядзецца праца па падтрымцы лідараў мясцовых супольнасцяў і арганізацыі стажыровак для юрыстаў у структурах Рады Еўропы.
Нядаўна ПАРЕ прыняла рэзалюцыю па сітуацыі беларусаў у выгнанні, над якой таксама працавалі прадстаўнікі Кантактнай групы. Гэтая рэзалюцыя паслужыць рэкамендацыяй да дзеянняў краінам-чальцам Рады Еўропы па падтрымцы беларусаў замежжа.