Сёння зранку Святлана Ціханоўская прыняла ў сваім офісе міністарку замежных спраў Нарвегіі Анікен Хюітфельд з дэлегацыяй МЗС Нарвегіі. У папярэдні раз беларуская лідарка і нарвежская міністарка сустракаліся ў межах Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў лютым.
Нарвегія ўжо падтрымлівае міжнародную платформу збору доказаў злачынстваў рэжыму, беларускія медыяарганізацыі, далучылася да пакетаў санкцыяў ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі. Нарвегія ўваходзіць у Раду бяспекі ААН і ў Раду міністраў краінаў Паўночнай Еўропы.
Ціханоўская і Хюітфельд абмеркавалі на сустрэчы:
– вайну ва Украіне і падтрымку беларускім рэжымам уварвання расійскіх войскаў. Важна ўводзіць персанальныя санкцыі, а таксама дабівацца поўнай дэлегітымізацыі Лукашэнкі, які не з'яўляецца гарантам суверэнітэту краіны і саўдзельнік агрэсіі супраць Украіны. Ціханоўская заклікала разглядаць Беларусь як краіну пад часовай акупацыяй;
– Беларускі антываенны рух і формы, у якіх беларусы супрацьстаяць вайне і дзеянням рэжыму. Святлана Ціханоўская расказала пра саюз маці, якія пераконваюць сваіх сыноў ухіляцца ад прызыву для магчымага ўдзелу ў вайне супраць Украіны; пра дзеянні партызанаў і сабатаж працы рэжыма, блакіроўку перамяшчэння расійскай ваеннай тэхнікі; пра дапамогу беларусаў украінцам, уцекачам;
– магчымасць сумеснай гуманітарнай і іншай дапамогі Украіне і беларускім медыкам, валанцёрам, якія далучыліся да ўкраінцаў;
– важнасць працы незалежных беларускіх медыяў ва ўмовах, калі рэжым не проста спрабуе схаваць любую праўду пра сітуацыю ў краіне, але і дазваляе расійскай прапагандзе дамінаваць у інфармацыйнай прасторы. Таму вельмі важна падтрымліваць беларускіх журналістаў, якія даносяць праўду пра сітуацыю ў рэгіёне да беларусаў;
– падтрымку грамадзянскай супольнасці, беларусаў як унутры краіны, так і тых, хто пакінуў Беларусь ці стаў уцекачамі з Украіны. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што агрэсарам стаў не беларускі народ, а менавіта Лукашэнка. Таму важна дапамагаць беларусам з візавымі, іншымі пытаннямі знаходжання ў іншых краінах, разглядаць беларусаў, якія ўцякалі ад вайны ва Украіне нароўні з усімі бежанцамі, не закрываць рахункі рэлакантаў і НДА, бо ад гэтага пакутуюць менавіта тыя, хто змагаецца з рэжымам;
– магчымасць узняць пытанне Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН і Радзе міністраў краінаў Паўночнай Еўропы. Ціханоўская адзначыла, што дыскусія па Беларусі заслугоўвае абмеркавання ў Радзе бяспекі ААН, бо тэрор працягваюцца, сітуацыя з правамі чалавека пагаршаецца, магчыма размяшчэнне ядзернай зброі ў краіне, што ставіць пад пагрозу бяспеку ўсёй Еўропы. Нарвегія шукае магчымасць узняць пытанне ў Радзе бяспекі ААН у бліжэйшы час;
– неабходнасць працягу спецыяльнага мандата Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека для вывучэння парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і прыцягнення да адказнасці вінаватых, а таксама спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі. Беларуская лідарка заклікала Нарвегію ўключыцца ў падтрымку іх дзейнасці;
– дзейнасць платформы па зборы доказаў злачынства рэжыму IAPB. Беларуская лідарка заклікала Нарвегію падтрымліваць працу праекту;
– поўная адмова Рады Еўропы ад супрацоўніцтва з рэжымам і ўмацаванне адносінаў з дэмакратычнымі сіламі. Ціханоўская падкрэсліла, што гэта важны кейс, які варта браць у прыклад іншым міжнародным арганізацыям і краінам.