Святлана Ціханоўская: «Сёння, 7 красавіка, адзначаецца Сусветны дзень здароўя. Кожная краіна зацікаўленая ў тым, каб яе грамадзяне былі здаровымі, бо такія грамадзяне не бяруць бальнічныя, а працуюць, прыносяць карысць, плацяць падаткі.
А што з аховай здароўя ў Беларусі? Баюся, што вы цудоўна ведаеце. Усе памятаюць, як дзяржава называла каранавірус «псіхозам» і прапаноўвала дапамагаць хворым трактарамі, хакеем, лазняй, чым заўгодна, але толькі не рэальнай медыцынскай дапамогай. Лекарам не толькі не дапамагалі, але і заміналі – пакуль іх ратавалі валанцёры ініцыятывы ByCovid19.
І зараз дастаткова паглядзець апошнія актуальныя навіны пра медыцыну. Напрыклад, у Слоніме мясцовая бальніца шукае 58 новых супрацоўнікаў. Гэта прыкладна палова штата ўсёй установы. Гэта значыць, у горадзе, дзе жыве амаль 50 тысячаў чалавек, яна ўкамплектаваная супрацоўнікамі толькі напалову!
Думаеце, Слонімская бальніца адзіная такая ў Беларусі? Не, у нашай краіне дзясяткі такіх установаў, дзе не хапае людзей. Таму што лекараў арыштоўваюць, саджаюць, непажаданых «скарачаюць» ці звальняюць па загадзя складзеных ідэолагамі спісах. Бо дзяржаве ўсё роўна, дзе будуць лячыцца беларусы. Сілавікі не будуць хадзіць у «звычайныя» бальніцы, адкуль звальняюць лекараў, яны пойдуць у свае, «элітныя».
А беларусы, на жаль, застаюцца сам-насам з сабой. Лекараў і медперсаналу не хапае літаральна паўсюль, але нават нягледзячы на рэпрэсіі і жудасныя ўмовы, ёсць тыя, хто застаюцца працаваць у Беларусі. І гэта нашыя сапраўдныя героі».