Святлана Ціханоўская: «На асабістых размовах з беларусамі я ўсё часцей чую расповеды пра праблемы ў сферы ЖКГ. У сацсетках людзі дзеляцца са мной фота сваіх дамоў, у якіх, здавалася б, проста немагчыма жыць: цвіль на сценах, запоўненыя смеццем пад'езды, тынкоўка, што падае са столі.
Толькі за мінулы год на сайце 115.бел людзі па ўсёй Беларусі падалі амаль два мільёны заявак са скаргамі.
Напрыклад, у аграгарадку Трылесіна паўтары тысячы чалавек ужо некалькі месяцаў жывуць без нармальнага водазабеспячэння – з крана цячэ іржавая вада, якую небяспечна піць. Жыхары вымушаныя купляць ваду ў краме або ездзіць па яе ў суседнюю вёску. У некаторых раёнах Віцебска з двароў перасталі вывозіць смецце. Камунальныя службы просяць «прытрымаць смецце» дома, бо машынаў для вывазу адкідаў не хапае. А ў адным з дамоў Брэста людзям даводзіцца падымацца да сябе ў кватэру па драўлянай лесвіцы, пазбіванай са знойдзеных у падвале дошак.
Падобныя праблемы ахопліваюць усю Беларусь: ад адміністрацыйных цэнтраў да маленькіх вёсак. І, як звычайна, людзі застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі – бо ў ЖЭСах не хапае майстроў, а дзяржаўнае фінансаванне хутка раствараецца ў карупцыйных лабірынтах.
Але гэта не значыць, што беларусы згодныя жыць у разбураных дамах побач са звалкамі, якія растуць. Гэта не значыць, што варта забыцца пра свае правы і метады іх абароны. Ніхто не павінен жыць у такіх умовах, таму важна дабівацца вырашэння жыллёвых пытанняў і паляпшэння ўмоваў жыцця кожнага грамадзяніна. Звяртайцеся ў незалежныя медыя, каб праблема, з якой вы сутыкнуліся, стала бачнай. Пішыце лісты і запісвайцеся на прыём у мясцовыя выканкамы, калі бачыце, што праблема не вырашаецца на ўзроўні ЖЭСа.
У Беларусі ёсць усё, каб мы і нашыя дзеці жылі ў шчаслівай, паспяховай краіне. Адзінае, што перашкаджае гэтаму – сістэма, якая пабудаваная на карупцыі і пагрозах, і растрачвае грошы падаткаплатнікаў не ў інтарэсах грамадзянаў, а ў інтарэсах толькі аднаго грамадзяніна».