Святлана Ціханоўская стэлефанавалася з прадстаўнікамі школ з беларускіх рэгіёнаў. У анлайн-сустрэчы ўдзельнічала прадстаўніца па адукацыі Вольга Шпарага.
Вольга распавяла пра тое, што Офісам па адукацыі абмяркоўваецца стварэнне дыстанцыйнай адукацыйнай платформы з рознымі зацікаўленымі бакамі, і пра планы запусціць серыю дыскусій для абмеркавання праектаў рэформ адукацыі. Святлана падзякавала настаўнікам і дырэктарам школ, што далучыліся да званка, і заклікала іх падзяліцца поглядам на цяперашнюю сістэму адукацыі з пазіцыі кіраўнікоў школ.
Вось толькі некаторыя з праблем, што абмяркоўваліся:
1. Дырэктараў выклікаюць у выканкамы за крытычныя выказванні ў СМІ. У цэлым з дня выбараў у жніўні на настаўнікаў і кіраўнікоў школ, што не згодныя з дзеяннямі рэжыму, аказваецца велізарны ціск.
2. Ёсць праблема двоеўладдзя ў сістэме: Міністэрства адукацыі і мясцовыя выканкамы працуюць не разам. У выніку пастановы ад міністэрства спускаюцца ў школы са скажэннямі выканкамаў.
3. У краіне ёсць шмат нізавых ініцыятыў у сферы адукацыі, але кіраўнікі на месцах баяцца праяўляць ініцыятыву: «Органы кіравання толькі робяць выгляд, што кіруюць». У выніку новыя фарматы адукацыі з'яўляюцца не дзякуючы, а насуперак сістэме.
4. Калі настаўнікі выходзяць з праўладных прафсаюзаў, іх могуць пазбаўляць прэмій і рэпрэсаваць іншымі спосабамі.
5. Сістэма адукацыі цяпер працуе на суперніцтва і ніяк не настроеная на салідарнасць. З-за гэтага настаўнікам цяпер складана аб'ядноўвацца, але працэс усё адно ідзе.
Прапановы для працы:
1. Ствараць у школах страйкамы і незалежныя аб'яднанні.
2. Распрацаваць праект альтэрнатывы БРСМ.
3. Аб'яднаць ужо існыя напрацоўкі для рэформы школьнай адукацыі. У яе ёсць тры напрамкі: рэформа мэтаў адукацыі, рэформа методык і рэформа кіравання. Аднак пачаць трэба з місіі і каштоўнасцяў, што аб'ядноўваюць адукацыйную прастору новай Беларусі.
4. Падрыхтаваць напрацоўкі праекту анлайн-школы, шукаць іншыя альтэрнатыўныя магчымасці працаўладкавання настаўнікаў.
5. Стварыць рабочую групу для рэалізацыі гэтых прапаноў.
6. Знайсці магчымасці фінансавай дапамогі настаўнікам, што церпяць ад рэпрэсій, а таксама ўцягванне іх у дыскусіі пра рэформы.